Кітайскі акцэнт азіяцкага візіту Папы Францішка

Папа з кітайскімі святарамі

Працяглы апостальскі візіт Папы Францішка ў краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, што прайшоў з 2 па 13 верасня, меў на мэце не толькі евангелізацыю і сустрэчу з мясцовымі вернікамі, але і з’яўляўся рэпетыцыяй магчымай паездкі ў суседні Кітай. Прынамсі да такой высновы прыйшла калумністка амерыканскага выдання Bloomberg Карышма Васўані.

У сваім артыкуле, які выйшаў 9 верасня, журналістка адзначае, што, паводле некаторых ацэнак, у КНР у 2030 годзе можа жыць найбольшая колькасць хрысціянаў у свеце. Менавіта гэтым яна тлумачыць спробы Святога Пасада наладзіць стасункі з Камуністычнай партыяй Кітая (КПК). На яе думку, паездка ў краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну разглядаецца як спосаб узаемадзеяння з Пекінам, і «Кітай вельмі ўважліва сочыць».

Геапалітыку як адну з галоўных мэтаў візіту назваў у размове з Le Monde і даследнік азіяцкага каталіцтва Мішэль Шамбон – навуковы супрацоўнік Азіяцкага даследчага інстытута Нацыянальнага ўніверсітэта Сінгапура: «Гаворка ідзе пра тое, каб накіраваць пасланне найбуйнейшым сусветным дзяржавам у міжрэлігійных пытаннях, у справе адмовы ад вайны і змагання за навакольнае асяроддзе. Але ў Ватыкана таксама ёсць свая ўласная цікавасць, якая ахоплівае тэалогію і геастратэгію: дэманстрацыя ўніверсальнага суверэнітэту, на які прэтэндуе папства. Кітай вельмі ўважліва сочыць за гэтай паездкай і пільна назірае за тым, якімі словамі Папа Францішак ілюструе гэты сусветны суверэнітэт».

Як жывуць католікі ў Кітаі

Пасля прыходу да ўлады камуністаў у Кітаі ў 1949 годзе, КПК пачала шукаць шляхі кантролю над мясцовымі рэлігіямі. Гэта вылілася ва ўтварэнне ў 1957 годзе праўладнай Кітайскай каталіцкай патрыятычнай асацыяцыі (ККПА). Нязгодныя з ёю клірыкі і вернікі фактычна апынуліся ў падполлі, а ККПА неўзабаве нават пачала прызначаць уласных біскупаў без згоды Рыма. Святы Пасад такіх біскупаў не прызнаваў, але працягваў шукаць шляхі аднаўлення еднасці.

Як вынік у 2018 годзе Ватыкан і Пекін пры ўдзеле харвацкага святара Антэ Ёзіча (будучага Апостальскага нунцыя ў Беларусі) падпісалі пагадненне, згодна з якім Кітай сярод іншага мусіў узгадняць новых біскупаў са Святым Пасадам. Папа Францішак таксама прызнаў сем біскупаў ККПА, каторыя да таго не знаходзіліся ў еднасці з Рымам. Праўда, не ўсе прынялі такое пагадненне. Напрыклад, кардынал з Ганконга Джозэф Чэнь заяўляў, што такія крокі Ватыкана замест стварэння еднасці прывядуць да «знішчэння сапраўднага Касцёла ў Кітаі». Тым не менш, у кастрычніку 2022 года пагадненне было працягнутае яшчэ на чатыры гады, хоць ужо ў наступным месяцы Ватыкан абвінаваціў Пекін у парушэнні ўмоваў.

Паводле Агульнага сацыялагічнага даследавання Кітая 2018 года, прыкладна 2% дарослых кітайцаў, ці каля 20 мільёнаў чалавек, ідэнтыфікуюць сябе з хрысціянствам. Пратэстанты складаюць прыкладна 90% з іх, а рэшта – у асноўным католікі.

У справаздачы Дзярждэпартамента ЗША за 2022 год пазначана каля 10-12 мільёнаў католікаў у КНР. Пры гэтым паведамлялася, што шмат каму з іх даводзіцца вызнаваць сваю веру таемна, а тыя, хто адмаўляецца ўступаць у ККПА або прысягаць на вернасць партыі, падвяргаюцца пераследам, затрыманням, турэмнаму зняволенню ці ўвогуле знікаюць. Паводле ацэнак арганізацыі «Касцёл у патрэбе», у Кітаі ў 2023 годзе ў зняволенні знаходзілася сама меней 20 каталіцкіх святароў, некаторыя з іх зніклі на гады. Сярод рэпрэсаваных апынуўся і ўжо згаданы кардынал з Ганконга, якога ўлады КНР звінавацілі ў падтрымцы пратэстаў 2019-2020 гадоў.

Тайванскае пытанне

Як адзначыў Мішэль Шамбон, улады Кітаю цяпер не ставяць на мэце насаджэнне атэізму, а «проста хочуць гарантаваць, што каталіцкія сеткі не будуць мабілізаваныя супраць іх».

Яшчэ адной тэмай у дачыненнях паміж Ватыканам і Кітаем, паміж якімі, дарэчы, дагэтуль няма афіцыйных дыпламатычных стасункаў, з’яўляецца тэма Тайваня – незалежнага вострава, самастойнасць якога адмаўляецца прызнаць Пекін. На сённяшні дзень Святы Пасад з’яўляецца адной з 12 краінаў свету, хто мае фармальныя дыпламатычныя стасункі з Тайванем, і адзінай такой дзяржавай у Еўропе. Як адзначае Карышма Васўані, імкненне наладзіць стасункі з КНР можа прывезці да разрыву гэтых сувязяў. «Рэгулярныя сустрэчы кітайскіх клірыкаў з іх калегамі ў Рыме, тэндэнцыя да нармалізацыі стасункаў і нават абмеркавання стварэння «стабільнай прысутнасці» Ватыкана ў Кітаі – усё гэта паказвае на паляпшэнне адносін. Спробы Пекіна змяніць міжнародную лаяльнасць да Тайбэя (сталіцы Тайваня – рэд.) былі выключна паспяховымі. Прыцягненне Ватыкана на свой бок было б гучнай перамогай», – адзначае Васўані.

Касцёл Збавіцеля ў Пекіне

Праўда, пакуль Святы Пасад ад прызнання Тайваня не адмаўляецца, а мясцовыя католікі (каля 300 тысячаў, або 1,3% насельніцтва вострава) прасілі Апостальскую Сталіцу настаяць на «двайным прызнанні» – і Кітая, і вострава. Аднак, падкрэслівае Васўані, Пекін на такое не пагодзіцца, што можа азначаць у сваю чаргу адсутнасць кампрамісу ў пытаннях рэлігійнай свабоды ў самой КНР. «Адмова ад Тайваня дзеля росту ў Кітаі сур’ёзна падарве аўтарытэт Касцёла як прыхільніка духоўных прынцыпаў. Ватыкан павінен быць празрыстым у сваіх пагадненнях з Пекінам, а не ісці на кампраміс, каб атрымаць больш глыбокі доступ у краіну. Паслядоўнае выказванне занепакоенасці з нагоды абыходжання з прыгнечанымі – ключавой маральнай каштоўнасцю – павінна быць часткай любога дыялогу з Камуністычнай партыяй. Паколькі прыхільнасць духоўнасці на Захадзе зніжаецца, рост колькасці вернікаў, хутчэй за ўсё, будзе назірацца ў Азіі. Ахвяраваць прынцыпамі дзеля росту – гэта не выйсце», – заключае Васўані.

Дыялог любым коштам?

Пра спробы палепшыць стасункі з Кітаем пісаў напярэдадні візіту і італьянскі ватыканіст Андрэа Гальярдуччы, які супрацоўнічае каталіцкімі выданнямі Catholic News Agency і National Catholic Register. Ён адзначыў, што сёлета ўжо прайшоў адзін раўнд перамоваў паміж Ватыканам і Пекінам адносна працягу і абнаўлення пагаднення 2018 года. Пры гэтым, паводле яго, сустрэчы вымушаныя праходзіць незаўважна, бо «любая агалоска можа стварыць цяжкасці ў стасунках. Гэта складаны дыялог. Аднак Папа Францішак хоча працягваць яго любым коштам, спадзеючыся стаць стаць першым Папам, які паедзе ў Пекін», – піша Гальярдуччы.

Тым не менш, ён прызнае, што гэта не першы выпадак, калі Апостальская Сталіца дамаўляецца з урадамі пра прызначэнне біскупаў. «Часам гэта неабходнае зло», – адзначае ватыканіст, згадваючы яшчэ часы халоднай вайны. Паводле яго, такія дамоўленасці не азначаюць, што Апостальская Сталіца «сляпая да праблемаў рэлігійнай свабоды». Ватыкан лічыць такі тып пагаднення не ідэальным і часовым адпраўным пунктам для працягу складанага, але важнага дыялогу, мяркуе ён.

Гальярдуччы адзначае, што Папа спрабуе наладзіць кантакт з Пекінам з дапамогай «паралельнай дыпламатыі» – праз свайго адмысловага пасланніка арцыбіскупа Матэа Дзупі, а не праз Дзяржаўны сакратарыят, даючы кітайскім уладам «крэдыт даверу» ў вырашэнні ўкраінскага канфлікту. Пра гэта сведчыць тое, што менавіта з Дзупі 14 жніўня стэлефанаваўся адмысловы прадстаўнік МЗС КНР у справах Еўразіі Лі Хуэй.

«Кітай адчувае гэты крэдыт з боку Папы і, магчыма, хоча навязаць паўнавартасныя дыпламатычныя стасункі.

Гэта засланіла б праблемы рэлігійнай свабоды, якія Святы Пасад заўсёды падкрэслівае ў канфідэнцыйных дыялогах, але гэта таксама можа прымусіць Ватыкан разарваць адносіны з Тайванем. Выдаленне ад Тайваня яго адзінага заходняга саюзніка можа стаць асновай стратэгіі Кітая адносна Апостальскай Сталіцы», – мяркуе Гальярдуччы.

Папа хоча наведаць Кітай і задаволены дыялогам

Думкі журналістаў ускосна пацвярджае і інтэрв’ю, якое Святы Айцец даў кітайскай правінцыі езуітаў і якое выйшла за месяц да візіту ў краіны Азіі. Vatican News назвала яго «пасланнем надзеі» кітайскаму народу. У ім Папа Францішак назваў Кітай «вялікім народам», які «не павінен растрачваць сваю спадчыну», і паўтарыў сваё жаданне здзейсніць апостальскае падарожжа ў гэтую краіну. У прыватнасці, Пантыфік заявіў, што хацеў бы наведаць санктуарый Шэшань у раёне Сунцзян, прысвечаны Найсвяцейшай Дзеве Марыі Успамогі хрысціянаў, а таксама сустрэцца з мясцовымі біскупамі і вернікамі, якія «прайшлі праз многае і засталіся вернымі».

Таксама 13 верасня, ужо па сканчэнні візіту, Папа заявіў у размове з журналістамі, што хацеў бы наведаць КНР – «краіну з тысячагадовай культурай, са здольнасцю да дыялогу і да ўзаемаразумення, якая выходзіць за межы іншых сістэм дэмакратыі». Ён падкрэсліў, што «захапляецца» і «паважае» Кітай, які, на яго думку, ёсць «абяцаннем і надзеяй для Касцёла». Таксама Святы Айцец заявіў, што «задаволены дыялогам» з Пекінам адносна прызначэння біскупаў: «вынік добры».

Як апісала размову АP, «Францішак быў настроены аптымістычна і, здавалася, быў удзячны за магчымасць пагаварыць пра Кітай па вяртанні з Азіі, рэгіёну, дзе Пекін мае такі вялікі ўплыў». Аднак, задаецца пытаннем Гальярдуччы, «якую цану Папа Рымскі гатовы прымусіць Касцёл заплаціць за паездку ў Кітай? І якімі будуць асабістыя выдаткі Папы на ажыццяўленне кітайскай мары?»

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі