Катэхеты Віцебскай дыяцэзіі распачалі разам новы катэхетычны год

9 верасня ў парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылася сустрэча катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі. Тэматыка — «Я — дарога і праўда, і жыццё, — кажа Пан» (Ян 14,6).

Распачалося спатканне святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч. Звярнуўшыся да прысутных, іерарх сказаў, што асноўная задача катэхета – “давесці дзяцей да сустрэчы з жывым Богам, які не дзесьці там, у гісторыі, а тут і зараз”.

Катэхізацыяй дзяцей і моладзі ў нашай дыяцэзіі займаюцца як святары і сёстры законныя, так і свецкія катэхеты. Якраз падчас сустрэчы была ўручана кананічная місія Эмме Станкевіч з Далёкіх. Тых, хто дапамагае ў хрысціянскім выхаванні будучага пакалення, стала больш на адну асобу. Біскуп Алег заахвоціў, каб катэхеты больш імкнуліся да супрацоўніцтва з бацькамі.

З нагоды святкавання 400-годдзя мучаніцкай смерці св. Язафата Кунцэвіча, катэхетка з парафіі Святой Тройцы ў в. Канстанцінава (Глыбоцкі дэканат) Алена Татун распавяла прысутным пра асобу святога, які з’яўляецца апекуном Віцебскай дыяцэзіі. Прысутныя даведаліся не толькі яго біяграфічныя звесткі, але і асаблівыя рысы характару, яго працу на Божай ніве.

А потым усе з задавальненнем прынялі ўдзел у “Біблійным хаўрусе”. Раздзяліўшыся на тры каманды, спаборнічалі як у веданні Святога Пісання, так і ў ведах твораў мастацтва і музыкі на рэлігійную тэму. Перамагло сяброўства! Усе атрымалі падарункі, а яшчэ добры настрой і бласлаўленне на пачатак новага катэхетычнага года.

Алена Татун, тэкст
с. Марыя Шамовіч, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі