Каталіцкі гурт “Laudans” спяваў калядкі на свяце ў мінскім праваслаўным прыходзе

Амаль увесь суботні дзень 14 студзеня пасярод новабудовак Каменнай Горкі ў Мінску чуліся спевы, якія неслі ў сабе Радасць Божага Нараджэння. У гэтыя святочныя дні вернікі хацелі паказаць, што варта захоўваць традыцыю калядавання, а значыць, абвяшчэння Радасці Божага Нараджэння.

“Зімовы фэст” — далёка не першы музычны фестываль, які ладзіць праваслаўны прыход святога Мікалая Японскага. Вернікі ладзілі і “Траецкі фэст”, дзе хэдлайнерам быў Алег Хаменка, і “Восеньскі фэст”. А зараз вернікі наўпрост захацелі пакалядаваць. Яны вераць, што тыя, хто праслаўляе Хрыста ў гэтыя дні, прыносяць радасць у жыццё іншых.

Шмат хто з прыходу святога Мікалая Японскага — людзі, якія любяць беларускасць, з’яўляюцца экспертамі ў галінах краязнаўства і этнаграфіі. Таму “Зімовы фэст” атрымаўся фэстам, які сапраўды падыходзіць пад азначэнне “Беларуская форма — хрысціянскі змест”. На фэсце можна было пазнаваць беларускую культуру праз народныя гульні ды танцы. Для дзетак і людзей з асаблівасцямі развіцця працавалі майстэрні, дзе ўсе жадаючы маглі зрабіць рэчы сваімі рукамі.

Пра Радасць Божага нараджэння спявалі не толькі самі прыхаджане, але і госці з Польшчы — калектыў з гораду Бяла-Падляска. Праваслаўны прыход запрасіў выступіць на свяце і досыць вядомы каталіцкі гурт “Laudans”. “Laudans” заспяваў не толькі свой калядны рэпертуар, але, канечне, спяваў гурт і пра хрысціянскае адзінства. “Нам патрэбна адзінства!” — менавіта гэтыя словы гучалі на тэрыторыі храма. Хэдлайнеры свята — Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч запалілі ўжо прадроглых калядоўшчыкаў апрацаванымі імі калядкамі і ўласнымі хітамі.

Айцец Павел Сярдзюк, святар прыхода, кажа, што такія мерапрыемствы яны ладзяць ужо каля двух гадоў: “Мы не хочам абмяжоўвацца толькі службамі ў царкве. Мы хочам, каб хрысціянскае адзінства трансфармавалася ў агульную справу. Я прытрымліваюся прынцыпу “Літургія пасля Літургіі”.

Той факт, што на свяце, якое ладзіць праваслаўны прыход, сустрэліся культуры і іншых канфесій, айца Паўла не пужае: “Мы запрашаем людзей не ў літургічную прастору, але ў культурную. Сюды прыходзяць тыя, хто хоча праславіць Хрыста. І рыма-католікі праслаўляюць Хрыста, і неапратэстанты праслаўляюць Хрыста. Нашая прастора — адкрытая. Тое, што не можа аб’яднаць у сабе соцыум, Хрыстос аб’ядноўвае з вялікай лёгкасцю. І тое, што мы ўсе можам разам пасядзець за кубкам гарбаты і праспяваць калядку — гэта вопыт Любові. Мы ж пакланяемся Богу жывому, Богу Любові, Богу Евангелля. І гэтае свята — невялікі крок Любові, крок да збліжэння адзін аднаго. Прынамсі, мы на гэта спадзяемся”.

Вікторыя Чаплеваkrynica.info

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі