Касцёл у Росіцы ўстаноўлены Дыяцэзіяльным Санктуарыем Росіцкіх пакутнікаў

Падчас сёлетніх летніх урачыстасцей у Росіцы, якія праходзілі 2-3 жніўня, у 20-ю гадавіну беатыфікацыі а. Юрыя Кашыры МІС і а. Антонія Ляшчэвіча МІС, генеральным вікарыем кс. Францішкам Кіселем быў абвешчаны дэкрэт біскупа Віцебскага Алега Буткевіча аб устанаўленні ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы Віцебскай дыяцэзіі Дыяцэзіяльнага Санктуарыя Росіцкіх пакутнікаў.

Адказваючы на просьбу а. Чэслава Курэчкі МІС, вышэйшага кіраўніцтва ордэна айцоў-марыянаў і вернікаў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы; улічваючы меркаванне святароў Віцебскай дыяцэзіі, а таксама факт актыўнага развіцця пілігрымковага руху ў Росіцу і пільную патрэбу абвяшчэння Божага слова і ўдзялення святых сакрамантаў пілігрымам, быў падпісаны дакумент.

Віцебскі ардынарый уручыў дэкрэт правінцыялу ордэна айцоў марыянаў правінцыі Божага Провіду ў Варшаве а. Томашу Навачэку МІС.

Згодна са Статутам Дыяцэзіяльнага Санктуарыя, вернікі, якія прыбываюць у Санктуарый у арганізаванай пілігрымцы, могуць атрымаць поўны адпуст за наведванне Санктуарыя пад звычайнымі ўмовамі (Быць у стане асвячальнай ласкі, прыняць Святую Камунію, адсутнасць прывязанасці да якога-небудзь граху і малітва ў інтэнцыі Святога Айца, а таксама адмаўленне ў Санктуарыі малітваў “Веру ў Бога”, “Ойча наш”). Вернікі, якія пілігрымуюць індывідуальна, могуць атрымаць такі адпуст адзін раз на год у любы дзень на іх выбар. Да кусташа і душпастыраў належыць абавязак паінфармавання вернікаў аб магчымасці і ўмовах атрымання адпусту. Хворыя, якія пілігрымуюць да Санктуарыя, могуць папрасіць аб сакрамэнце намашчэння хворых, які трэба ім ўдзяліць згодна з канонамі Кодэксу Кананічнага Права і Рымскага Рытуала. Усе святары, якія нясуць паслугу ўдзялення сакраманту пакаяння і паяднання ў Санктуарыі, на моцы ўдзялення ўлады Біскупа Віцебскага, маюць права вызваляць з экскамунікі latae sententiae, якая была атрымана ў выніку зробленага аборту (кан. 1398).

Марына Сінкевіч

для друку для друку