За насычаным душпастырскім жыццём Папы Францішка і яго бясконцымі сустрэчамі стаялі доўгія хвіліны малітвы, — падкрэсліў кардынал Дамінік Мамбэрці.
Увечары 4 мая 2025 года іерарх узначаліў у Базіліцы Святога Пятра дзявятую і апошнюю Імшу навэнадыялаў, падчас якой за памерлага Пантыфіка малілася ўся Калегія кардыналаў.
У гаміліі былы ватыканскі дыпламат спаслаўся на евангельскае чытанне нядзельнай літургіі, у якім распавядаецца, як уваскрослы Хрыстус, аб’явіўшыся вучням на беразе Тыберыядскага возера, тройчы спытаўся ў Пятра: “Ці любіш ты Мяне?”, а потым, тройчы атрымаўшы станоўчы адказ, сказаў апосталу: “Пасі авечак Маіх”.
Кардынал Мамбэрці адзначыў, што менавіта любоў да Хрыста зрабіла Францішка верным сваёй місіі да апошніх сіл. “Ён нагадваў магутным гэтага свету, што трэба больш слухаць Бога, чым людзей, і абвяшчаў усяму чалавецтву радасць Евангелля, Міласэрнага Бога Айца, Хрыста Збаўцу. Ён рабіў гэта праз сваё вучэнне, падарожжы, жэсты і лад жыцця”, — падкрэсліў іерарх.
Прапаведнік адзначыў, што знаходзіўся побач з Папам Францішкам у лоджы благаслаўленняў падчас яго апошняга “Urbi et Orbi” і на ўласныя вочы бачыў яго пакуты, але перадусім – яго адвагу і гатоўнасць служыць Божаму народу да канца.
Кардынал Мамбэрці таксама заўважыў, што Папа Францішак чэрпаў духоўныя сілы з адарацыі і малітвы. “За яго насычаным душпастырскім жыццём, яго бясконцымі сустрэчамі стаялі доўгія хвіліны малітвы, што было сфармавана ў ім ігнацыянскай духоўнасцю”, — згадаў іерарх, нагадаўшы словы Папы Францішка пра тое, што адарацыя “узносіць нас да Бога не для таго, каб адарваць ад зямлі, але каб мы маглі напоўніцу жыць на ёй”.
Кардынал адзначыў, што Папа Францішак усё рабіў пад уважлівым позіркам Марыі, якую асаблівым чынам ушаноўваў у абразе Salus Populi Romani. “І цяпер, калі ён спачывае побач са сваёй любімай іконай, мы з удзячнасцю і даверам даручаем яго заступніцтву Маці Пана і нашай Маці”, — завяршыў сваю гамілію іерарх.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News
