BBC рыхтуе чатырохсерыйны дакументальны серыял пра жыццё Езуса Хрыста. У апошні час біблейскія пастаноўкі перажываюць адраджэнне і ўсё большая колькасць вяшчальнікаў і стрымінгавых платформаў інвестуюць у гісторыі пра веру.
The Christian Post, пішучы пра анонс новага серыяла BBC пра Езуса, прывяла яго як яшчэ адзін прыклад нарастаючай хвалі біблейскіх праграм, натхнёных Бібліяй. Associated Press паўтарыла гэтую тэндэнцыю, ахарактарызаваўшы яе яшчэ шырэй: не толькі як вяртанне да біблейскіх гісторый, але і як адраджэнне рэлігійнага кіно і серыялаў у Галівудзе. Associated Press падкрэслівае, што сёння ўсё большая колькасць пастановак закранае тэмы рэлігіі, веры і духоўнасці.
Рост цікавасці да хрысціянскага зместу
BBC заказала чатырохсерыйны серыял пра жыццё Езуса Хрыста, які ўключае новыя гістарычныя даследаванні, археалагічныя адкрыцці і меркаванні экспертаў. Серыял пакажа зямлю, на якой ён жыў, а таксама палітычныя, сацыяльныя, рэлігійныя і культурныя сілы, якія фарміравалі яго жыццё. BBC абвясціла аб удзеле экспертаў і прадстаўнікоў розных рэлігійных традыцый. У серыяле будуць прадстаўлены хрысціянскія мысліцелі і навукоўцы, а таксама яўрэйскія і мусульманскія рэлігійныя лідары. Гэта мае на мэце прадэманстраваць значэнне Езуса не толькі для хрысціян, але і для больш шырокай гісторыі рэлігіі і культуры.
Відавочны рост цікавасці да хрысціянскага кантэнту на рынку фільмаў і стрымінгу найбольш выяўлены ў ЗША, але дзякуючы стрымінгавым платформам гэтая тэндэнцыя дасягае глабальнага маштабу. У Вялікабрытаніі ёсць даволі асцярожныя прыкметы: BBC замаўляе буйны серыял пра Езуса і паказчыкі продажу Бібліі растуць, але традыцыйнае грамадскае тэлебачанне ўсё яшчэ транслюе значна менш рэлігійных праграм, чым дзесяць гадоў таму.
Дэйзі Скальчы, кіраўнік аддзела рэлігіі і этыкі на BBC TV, кажа, што серыял закліканы стаць доказам прыхільнасці BBC да рэлігійных праграм, якія «паглыбляюць наша разуменне адзін аднаго і свету вакол нас». Аднак гэта выклікае пытанні аб рэальнай прысутнасці рэлігійнага і этычнага кантэнту на BBC. Паводле Ofcom, вядучага аналітыка брытанскага медыя-рынку, колькасць рэлігійных праграм у прайм-тайм павялічыліся з 20 да 24 гадзін у 2025 годзе, але ўсё яшчэ нашмат ніжэй за ўзровень 67 гадзін у 2011 годзе.
Па матэрыялах stacja7.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!