Калядны спектакль «Сон перад Калядамі» прадставіла салезіянская моладзь

8 студзеня ў араторыі імя святога Яна Боско пры салезіянскай парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску моладзь прадставіла калядны спектакль «Сон перад Калядамі». Галоўным рэжысёрам пастаноўкі з’яўляецца Анастасія Субач, салезіянскі аніматар.

Гэты спектакль распавёў невялікую гісторыю, якая адбылася напярэдадні аднаго з самых галоўных святаў у жыцці кожнага хрысціяніна — Божага Нараджэння. З дапамогай герояў – пабожнай дзяўчынкі і яе бабулі — гледачы ўбачылі невялікі «канфлікт пакаленняў».

Большасць з сучаснай моладзі і дзяцей прыходзіць у касцёл альбо царкву, дзякуючы бабулям і дзядулям, якія перадалі ім веру як спадчыну, і спадзяюцца, што і яны перададуць гэту спадчыну сваім нашчадкам. Але, як гэта часта бывае, а асабліва ў XXI стагоддзі, вера ў Бога становіцца толькі традыцыяй святкавання Калядаў і Пасхі.

У спектаклі гледачы сутыкаюцца з адваротнай сітуацыяй, калі бабуля з’яўляецца той асобай, якая не лічыць абавязковым наведванне святыні, а Каляды — яшчэ адной магчымасцю «па-свецкі» пасядзець з сяброўкамі, альбо толькі казкай з дзяцінства. Менавіта таму дзяўчынка спрабуе раскрыць бабулі сэнс гэтага свята.

Потым, па сюжэце спектакля, у сне да жанчыны прыходзіць Анёл Ахоўнік, разам з якім яна ўспамінае гісторыю Божага Нараджэння. Гэты Анёл дапамагае бабулі навярнуцца і наноў узбудзіць у сабе пачуццё Божага дзіцяці.

Сон скончыўся, але заставіў багаты сэнс і шмат думак для роздуму. Напрыканцы вечара кс. Павел Шчарбіцкі SDB, падкрэсліў галоўную думку спектакля, а менавіта словы бабулі: «Я — дзіця Божае!» Святар пажадаў кожнаму з прысутных не забывацца аб сваім паходжанні і прыналежнасці, не забывацца, што менавіта я і ты — мы — Божыя дзеці.

sdb.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі