Ці ведаеце вы пра прыгожы ліст, які Папа Бэнэдыкт XVI напісаў Дзіцятку Езусу, калі яму было сем гадоў? У 2012 годзе гэты ліст быў знойдзены падчас рэстаўрацыі дома Ратцынгера ў Баварыі, дзе вырас будучы Папа і які цяпер ператвораны ў яго музей.
У лісце гаворыцца:
«Дарагое Дзіцятка Езус, хутка Ты прыйдзеш на зямлю. І прынясеш дзецям радасць. Ты і мне прынясеш радасць. Я хачу “Volks-Schott” [нямецкая кніга з літургічнымі тэкстамі на нядзелі і рэлігійныя святы], зялёны арнат для Імшы і Найсвяцейшае Сэрца Езуса. Я заўсёды буду ветлівым. Ёзаф Ратцынгер, Каляды 1934 года».
Папа Бэнэдыкт аднойчы сказаў, што яго любімая пара года — Адвэнт, або «час перад Божым Нараджэннем».
«Кожны год наша [сямейная] батлейка павялічвалася на некалькі адзінак, і яна заўсёды была асаблівай», — сказаў ён. – Гэта была такая радасць: разам з татам прыносілі з лесу мох, ядлаўцовыя і яловыя галінкі.
Што азначаюць падарункі, аб якіх прасіў маленькі Ратцынгер?
Будучы Папа прасіў літургічную кнігу, якая паспрыяла яго будучай любові да Літургіі, а таксама зялёны арнат, каб гуляць з братам у «парафіяльнага святара».
«Калі два мае браты былі хлопчыкамі, яны любілі разыгрываць нядзельную Імшу», — сказала сястра Папы Бенедыкта Марыя Ратцынгер у 1991 годзе.
Монсіньёр Георг Ратцынгер аднойчы пацвердзіў гэтыя словы: «Мы цэлебравалі Імшу, і ў нас былі шаты, якія спецыяльна для нас шыла швачка нашай маці. Мы таксама выконвалі абавязкі міністранта па чарзе».
Што да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, то маленькі Ёзаф Ратцынгер прасіў яго з-за асаблівай адданасці ўсёй яго сям’і Яму.
У 2012 г. асабісты сакратар Папы Бэнэдыкта Георг Генсвайн сказаў, што «Папа быў вельмі рады, калі прыйшоў ліст, і яго змест выклікаў у яго ўсмешку», дадаўшы, што Каляды для Папы назаўжды будуць асацыявацца з «пахам моху».
Паводле CREDO
Пераклад Марыны Сінкевіч
