Калядная пастырская сустрэча з духавенствам Віцебскай дыяцэзіі прайшла ў Наваполацку

14 снежня, ва ўспамін св. Яна ад Крыжа, святары і сёстры прыбылі ў касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса, каб памаліцца з біскупам Алегам Буткевічам і скласці пажаданні з надыходзячым святам Божага Нараджэння.

Падчас адарацыі духавенства і кансэкраваныя асобы маглі ў цішыні прадставіць Езусу свае клопаты, просьбы і падзякі. У гэты час кожны мог скарыстаць з магчымасці сакраманту споведзі і пакаяння. Асабліва гэтаму паспрыяла канферэнцыя кс. Валерыя Марціноўскага, якая была прысвечана рахунку сумлення, распрацаванага спецыяльна для святароў і манаскіх асобаў. «Ці сур’ёзна думаю пра святасць у святарстве/манаскім жыцці? З якой руплівасцю складаю Найсвяцейшую Ахвяру? Ці звяртаю ўвагу на святыя вобразы? Ці прыемна мне трываць перад Езусам у маўклівай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту?» і шмат іншых пытанняў прыгадаў святар, заахвочваючы прысутных да шчырага раскаяння і асабістага засяроджвання перад Богам.

Святую Эўхарыстыю цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч. Прывітаўшы прысутных, ва ўступным слове іерарх заахвоціў, каб гэтая сустрэча і дзяленне простым знакам белага хлеба абудзіла ў прысутных пошук еднасці, згоды і прымірэння адзін з адным.

Прамаўляючы Божае слова, біскуп Алег засяродзіў увагу над духоўнай падрыхтоўкай, як саміх святароў, так і парафіянаў. “Нельга быць перманентным. Трэба прыгадаць сабе пра клопат аб збаўленне ўласнай душы і час ад часу “выплываць на глыбіню”. Калі мы гэта не будзем рабіць, то ад каго чакаць?”. Іерарх заклікаў быць прыкладам годнага хрысціянскага жыцця і захаваць святарскі аўтарытэт.

Пасля св. Імшы адбылася кароткая арганізацыйная сустрэча, падчас якой біскуп Алег і канцлер кс. Віктар Місевіч адказалі на існуючыя пытанні, а таксама пазнаёмілі прысутных з запланаванымі падзеямі на надыходзячы 2024 год і неабходнымі справаздачамі. Затым у касцёле ўсе прысутныя дзяліліся аплаткам і выказвалі самыя шчырыя пажаданні адзін аднаму.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі