Энцыкліка Святога Айца пра штучны інтэлект стала выдавецкім хітом у Францыі – разышлося ўжо 70 тысяч экзэмпляраў.
Энцыкліка «Magnifica humanitas», прысвечаная пытанням штучнага інтэлекту, атрымала ў Францыі нечаканы для касцельнага дакумента вынік. З дня публікацыі 25 мая 2026 года разышлося больш за 70 тысяч экзэмпляраў, і продажы не спыняюцца. Выдаўцы ўжо прынялі рашэнне пра дадатковы тыраж, агульная колькасць надрукаваных кніг дасягнула 100 тысяч.
Для параўнання: сярэдні тыраж кнігі ў Францыі складае няпоўныя 5 тысяч экзэмпляраў, а калі прадаецца ад 30 да 50 тысяч, выданне лічыцца нацыянальным бестселерам. Энцыкліка перасягнула гэты парог літаральна ў першыя тыдні пасля выхаду.
Паказальны прыклад – парыжская кнігарня “La Procure”, дзе разышлося амаль 10 тысяч экзэмпляраў, паведамляе газета «La Croix». Кіраўнік рэлігійнага аддзела кнігарні Матыльда Маё звяртае ўвагу на тое, што дакумент прыцягвае вельмі неаднародную аўдыторыю, яго набываюць не толькі католікі.
Асаблівую цікавасць энцыкліка выклікала і ў французскіх палітыкаў. 20 чэрвеня 2026 года, на прэзідэнцкім перадвыбарчым мітынгу, да яе звярнуўся кандыдат ад партыі «Рэспубліканцы» Бруна Рэтаё. Ён прызнаўся, што падчас чытання вылучыў для сябе адзін радок: «Кожнае пакаленне атрымлівае ў спадчыну задачу надаць форму свайму часу».
Аднак цытуе Папу Льва XIV не толькі правая частка палітычнага спектра. Лідар крайне левых сіл Жан-Люк Меленшон таксама звяртаецца да тэкстаў энцыклікі, выкарыстоўваючы яе аргументы супраць засваення чалавечых веданняў прыватным капіталам.
Такое шырокае і разнастайнае прызнанне робіць «Magnifica humanitas» рэдкім выпадкам, калі рэлігійны дакумент апынаецца ў цэнтры грамадскай і палітычнай дыскусіі далёка за межамі касцельных колаў.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!