Яшчэ раз пра безэквівалентную лексіку беларускай мовы

У папярэднім матэрыяле мы гаварылі пра безэквівалентную лексіку беларускай мовы ў рускамоўным дачыненні, гэта значыць, пра тыя лексемы, якія не маюць аднаслоўных адпаведнікаў у рускай мове. Згаданая тэма аказалася дастаткова цікавай для нашых чытачоў.

Аўтар матэрыялу атрымаў шэраг водгукаў і пытанняў адносна асаблівасцяў функцыянавання ў беларускай мове дадзенай групы слоў. Так, у прыватнасці, чытач “Каталіцкага Весніка” сп. Андрэй з Віцебска заўважае: “Нечакана для мяне шмат слоў беларускай мовы нельга аднаслоўна перакласці на рускую мову. Мне здавалася, што іх ёсць, можа, 20 ці 30. Але ж не такая колькасць! Ці можна было б разгледзець яшчэ нейкія, бо пакуль не ўяўляю, якія іншыя тыпова беларускія словы нельга дакладна перадаць па-руску”… А яшчэ нашая чытачка, сп-ня Ганна з Маладзечна, прапануе ўдакладніць, ці ёсць сярод безэквівалентнай лексікі словы, што абазначаюць абстрактныя паняцці? Яна піша: “Абстрактныя паняцці ў большасці сваёй з’яўляюцца запазычаннямі з лацінскай мовы, наколькі мне вядома. Дык ці ёсць уласнабеларускія словы з абстрактным значэннем, якія не маюць аднаслоўных адпаведнікаў у рускай мове?”

Мы шчыра дзякуем нашым чытачам за ўвагу да моўнай рубрыкі газеты, да беларускай мовы ўвогуле. Таму сёння яшчэ крыху пагаворым пра згаданы сегмент нашай лексікі. І на просьбу нашай чытачкі сп-ні Ганны сканцэнтруемся на лексемах з абстрактным, адцягненым значэннем. Паспрабуем перадаць іх сэнс на рускай мове, таксама праілюструем ужыванне адпаведным кантэкстам з мастацкай літаратуры.

Вылучым колькі тэматычных групаў. Пачнём з прыслоўяў, што маюць пэўнае значэнне часу, адказваюць на пытанне “калі?”: апоўдні (апаўдні) – в середине дня (Зранку Астаповіч яшчэ нічога не ведаў, а апаўдні павінен быў ісці ў салдаты і на вайну. Кузьма Чорны); летась – в  прошлом году (Добра было летась, на пачатку кастрычніка, у маёй, з двума сябрамі, паездцы на Петрыкаўшчыну. Янка Брыль); налетав будущем году, будущим летом (Колас не ведаў яшчэ, што налета і яго чакае такое самае ўшанаванне і тая ж высокая годнасць народнага паэта. Максім Лужанін); пазалетась – два года тому назад, в позапрошлом году (Пазалетась у ліпені, калі ў інстытутах пачаўся новы прыём студэнтаў, у кватэру маю, на пяты паверх аднаго з пасляваенных дамоў, прыйшла незвычайная госця. Янка Брыль); давеку – до глубокой старости, до конца дней своих (Плыць бы нам, маракам, плыць праз ночы і дні, каб давеку матроскай не чуць цішыні. Аляксей Зарыцкі). Як бачым, прыведзеныя беларускія прыслоўі са значэннем часу не маюць аднаслоўных адпаведнікаў у рускай мове і надзвычай дакладна адлюстроўваюць час, калі адбываецца (адбывалася, будзе адбывацца) дзеянне, падзея, здарэнне. Заўважым, што мы рэгулярна чуем згаданыя словы і ў вусным маўленні, што толькі падкрэслівае іх важнасць для нашай мовы.

Наступная група безэквівалентнай лексікі – ўласнабеларускія назвы роду заняткаў: камінарства – ремесло трубочиста (Іншы раз, калі зойдзе гутарка пра вайну, Піліп Андрэевіч успамінае сваё камінарства. Барыс Сачанка); каморніцтва – землемерное дело (Ваш класны настаўнік калежскі саветнік Леў Кліменцьевіч Лычкоўскі, ён жа выкладчык фізікі, арыфметыкі, каморніцтва і лінейнага чарчэння. Сцяпан Александровіч); мулярстваремесло, занятие каменщика (З зялёных сваіх год Максім налажыўся да сталяркі і мулярства. Кузьма Чорны); плытніцтва – лесосплавное дело (Прахарэня доўга служыў у купца Залмана па лясной часці і плытніцтву. Аляксей Якімовіч); староства (старастоўства) должность и занятие старосты (Не раз у гэтым збожжы пагрэў быў рукі і Андрэя Каржакевіча бацька за шэсць гадоў свайго старастоўства. Кандрат Крапіва). Вылучаныя назоўнікі прыгадваюць нам розныя тыповыя віды дзейнасці нашых недалёкіх продкаў. У прапанаваных словах у сціслай, лаканічнай форме сканцэнтраваны багаты пласт абавязкаў, адмысловы характар працы, якую выконвалі беларусы. Гэта надзвычай важная частка нашай нацыянальнай культуры, захаваная ў такіх аднаслоўных лексемах.

Яшчэ адна група безэквівалентнай лексікі – гэта гістарызмы, што адлюстроўваюць паняцці, каторыя выйшлі з актыўнага ўжытку: васпан – форма вежливого обращения к шляхтичу (Так, так, васпане мой ласкавы: / Плаціць за хату трэба мне, / Раз вы жывеце ў ёй, а не – / Дык скутак будзе нецікавы. Якуб Колас); паншчына – крепостное право (Дзеялася тое даўно, яшчэ за паншчынай. Максім Гарэцкі); прыгон – крепостное право (Угары краталіся ад ветру старыя сосны, высокія, аж у неба, што раслі на Яськавым балоце недзе яшчэ ад прыгону. Іван Пташнікаў); панскасць – поведение или качество, свойственное пану, барину (А калі што і заставалася ў народнай памяці з пахаванага, здавалася, мінулага, то яно выклікала ў яе прадстаўленні чорныя моманты прошлага, звязанага з панскасцю і прыгонніцтвам. Якуб Колас). Як бачым, у сціслай, надзвычай лаканічнай форме ў беларускай мове перадаецца багаты, разгалінаваны змест гістарычных рэалій. За кожным з гэтых назоўнікаў падсвядома замацаваны цэлы шэраг асацыяцый і ўяўленняў, уласцівых толькі прадстаўнікам нашага этнасу. Дакладна тое ж самае можна сказаць і адносна безэквівалентных элементаў кшталту дзядзькаванне, гасцяванне, шарварка. Дзядзькаванне – старый обычай беларусских панов отдавать своих сыновей на воспитание в крестьянские семьи (Стары Вежа прытрымліваўся старых звычаяў і загадаў аддаць Алеся на дзядзькаванне да Кагутоў. Уладзімір Караткевіч); гасцяванне – пребывание в гостях (Гасцяванне ў капыльскае цёткі Галавачыхі было няўсмак, хоць яна гасцінна і ласкава хацела як найлепш прыняць і дагадзіць. Максім Лужанін); шарварка – трудовая повинность по ремонту и строительству дорог, мостов и др. (Двойчы я сустракаўся з натурай Вяршыніна. Падлеткам, на шарварцы, калі я не вельмі так, як трэба было ці як хацелася пану драгомістшу, адгладжваў рыдлёўкай адхон глыбокай дарогі. Янка Брыль).

Такім чынам, мы выразна бачым, што ў беларускай мове ёсць розныя тэматычныя групы безэквівалентнай у рускамоўным дачыненні лексікі. Варта разумець, што гэта не проста словы, каторыя не маюць у іншай мове аднаслоўных адпаведнікаў, а своеасаблівыя лексемы-маркеры, якія ідэнтыфікуюць наш этнас, утрымліваюць у сабе багатую і разнастайную гістарычную, культурную і моўную інфармацыю.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі