Як сучасныя тампліеры дапамагаюць пілігрымам Юбілейнага года

Сучасныя пілігрымы, якія прыходзяць у любое святое месца, напрыклад, у галоўныя папскія базылікі ў Рыме ці ўшанаваныя месцы Святой Зямлі, каб атрымаць ласкі Юбілейнага года надзеі, карыстаюцца шматлікімі выгодамі.

У іх ёсць GPS спампаваны на смартфон, на іх шляху няма бандытаў і злодзеяў, на кожнай вуліцы ёсць валанцёры, гатовыя адказаць на ўсе пытанні.

Але ў мінулым падарожжа ў Ерузалем ці Рым было спалучана з многімі небяспекамі. «У Сярэднявеччы пілігрымы станавіліся ахвярамі крадзяжу, рабавання або гвалту. Шмат людзей гінула падчас падарожжа. Напрыклад, калі яны прыбывалі ўначы, гарадскія вароты былі зачыненыя і людзі падвяргаліся ўсялякім пагрозам», — кажа Даніэле Бордэры, сакратар свецкай асацыяцыі «Templari Oggi» («Тампліеры сёння»), заснаванай у сакавіку 2021 г. у каментары для CNA.

Арганізацыя, якая зараз прадстаўлена ў 15 краінах, падпісала пагадненне з Дыкастэрыяй па справах евангелізацыі аб аказанні валанцёрскіх паслуг у трох рымскіх базыліках, дзе можна атрымаць поўны адпуст: Святога Пятра, Святога Паўла за мурамі і Святога Яна на Латэране.

«Кожныя выхадныя на працягу Юбілею ад 30 да 40 членаў нашай арганізацыі будуць прыязджаць у Рым, каб служыць Каталіцкаму Касцёлу. «Кожны самастойна аплачвае дарогу, а Дыкастэрыя забяспечвае начлег і харчаванне», — тлумачыць Бардэры.

Гэтыя добраахвотнікі, апранутыя ў белыя тунікі з крыжамі, выглядаюць як спадкаемцы брата Гуга дэ Пэйена, першага магістра Ордэна бедных рыцараў Хрыста, шырока вядомага як тампліеры, чыё паходжанне ўзыходзіць да дванаццатага стагоддзя.

«У той час яны былі манахамі, рыцарамі і салдатамі, і на працягу 200 гадоў выконвалі ролю папскіх мячоў», — кажа Даніэле Бордэры. Тампліеры непасрэдна падпарадкоўваліся Пантыфіку, карысталіся пэўнымі прывілеямі, напрыклад, не плаціць дзесяціну, а таксама былі першымі банкірамі: «Яны вынайшлі тое, што мы сёння ведаем як банкаўскі чэк. У дакументах, па якіх яны пазычалі грошы, яны спрытна здзейснілі наўмысную памылку, каб пазбегнуць махлярства».

Аднак у 1307 г. кароль Францыі Філіп IV паспрабаваў знішчыць тампліераў. «Ён таксама забраў іх маёмасць. «Гэта было пакаранне, таму што ў яго былі даўгі перад тампліерамі, якія ён не мог вярнуць», — тлумачыць Бордэры.

Сёння бедныя рыцары Хрыста, званыя тампліерамі, з’яўляюцца свецкімі людзьмі і свецкімі жанчынамі з многіх краін, якія прымаюць першапачатковую харызму суправаджаць і абараняць пілігрымаў, якія прыбываюць да святых месцаў.

Ад прадаўца садавіны да тампліераў

68-гадовы Акіле Тычыні — тампліер з італьянскага рэгіёну Эмілія-Раманья. Да выхаду на пенсію трымаў ларок з садавінай на мясцовым рынку. Ён працуе валанцёрам на адной з самых ажыўленых вуліц Рыма, якая вядзе да базылікі Святога Пятра і Святых дзвярэй.

«Акрамя італьянскай, я добра валодаю англійскай і іспанскай мовамі. «У рэшце рэшт [пілігрымы] задаюць нам вельмі простыя пытанні, і амаль заўсёды адны і тыя ж», — кажа мужчына. Тычыні таксама паведамляе пілігрымам, дзе яны могуць атрымаць юбілейны крыж, каб несці яго па дарозе да Святых дзвярэй. Крыж захоўваецца на Via della Conciliazione, 7 і з’яўляецца афіцыйным арыенцірам для паломнікаў і турыстаў.

«Нам прасцей, чым нашым папярэднікам». У сярэднія вякі пілігрымаў трэба было абараняць мячамі не толькі ад бандытаў, але і ад дзікіх звяроў. «Цяпер пытаннямі бяспекі займаюцца італьянская паліцыя і вайскоўцы», — кажа ён.

credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі