Як сотні каталіцкіх манахінь унеслі важны ўклад у вывучэнне хваробы Альцгеймера

Даследчыкі кажуць, што ўклад амаль 700 каталіцкіх манахінь у наватарскае дзесяцігадовае даследаванне хваробы Альцгеймера і дэменцыі дае важную інфармацыю для падтрымання кагнітыўнага здароўя на працягу ўсяго жыцця.

«Даследаванне законных сясцёр», пачатае ў 1986 годзе неўролагам Дэвідам Сноўданам, прывяло да «фундаментальных высноў» аб «кагнітыўных парушэннях і звязаных з імі неўрапаталогіях»,- пішуць даследчыкі ў аглядзе, апублікаваным у мінулым месяцы ў часопісе «Alzheimer’s & Dementia».

Сноўдан запрапанаваў сёстрам законным удзел у манументальным даследаванні, калі зразумеў, што іх даследаванне дае шмат пераваг для вывучэння дэменцыі, піша CNA.

«Звычайна цяжка дакладна вызначыць, што правакуе развіццё дэменцыі ў некаторых людзей, у той час як іншыя застаюцца здаровымі, паколькі людзі могуць мець вельмі розныя лад жыцця, асяроддзе і біялагічныя фактары — некаторыя паляць цыгарэты, а некаторыя не; некаторыя маюць лепшы доступ да медыцынскай дапамогі, чым іншыя; у кагосьці больш генетычная схільнасць да хвароб», — кажа адна з аўтараў агляду Кіра Кларк.

«Але каталіцкія манахіні з аднаго ордэна знаходзяцца ў адным і тым жа асяроддзі на працягу большай часткі свайго дарослага жыцця: ад жылля і харчавання, да даходу і доступу да сацыяльных сетак». «Цяжка знайсці супольнасць людзей з такім паслядоўным і лёгка параўнальным ладам жыцця. Гэта палягчае высвятленне фактараў, якія сапраўды ўплываюць на рызыку развіцця дэменцыі».

Сноўдан запусціў пілотнае даследаванне праграмы ў 1986 годзе, супрацоўнічаючы са Школьнымі сёстрамі Нотр-Дам (SSND).

Група складалася з 678 сясцёр, выбраных з тысячы кандыдатак з сямі буйных кляштараў ЗША. У пачатку даследавання іх узрост вагаўся ад 75 да 102 гадоў. Ва ўсіх іх былі падобныя жыццёвыя гісторыі: пераважная большасць, прынамсі, скончыла каледж, і амаль 90% калісьці вучыліся. Ацэньваючы развіццё кагнітыўных функцый сясцёр, даследчыкі выкарыстоўвалі розныя метады: вывучалі аўтабіяграфіі, напісаныя манахінямі да складання манаскіх абетаў, медыцынскія карты, акадэмічныя даведкі, анкеты.

Сёстры таксама пагадзіліся на навуковае даследаванне свайго мозгу пасля смерці. Па словах Кларк, яны праявілі ў даследаванні «незвычайную адданасць і энтузіязм», пра што сведчыць вялікая колькасць тых, хто пагадзіўся прыняць удзел. «Узровень удзелу ў 66% — гэта сапраўды ўражлівы паказчык для доўгатэрміновага даследавання, якое патрабуе ад удзельнікаў штогод на працягу ўсяго жыцця праходзіць шырокае кагнітыўнае тэставанне, а таксама згоды на донарства мозгу», — адзначыла навуковец.

Даследчыкі кажуць, што ўключэнне ў даследаванне здаровых сясцёр, а таксама сясцёр з кагнітыўнымі парушэннямі было найважнейшым фактарам, таму што гэта «дазволіла падоўжнае адсочванне кагнітыўных змен праз штогадовыя ацэнкі». Донарства мозгу таксама «дало магчымасць параўнаць неўрапаталагічныя дадзеныя, атрыманыя ў выніку выкрыцця мозгу хворых людзей са здаровым кантрольным мозгам, што гістарычна было цяжка зрабіць».

Вынікі даследавання значна палепшылі разуменне хваробы Альцгеймера і дэменцыі. Па словах Кларка, адна з ключавых высноў заключаецца ў тым, што «больш высокія кагнітыўныя здольнасці ў раннім узросце, здаецца, абараняюць ад дэменцыі».

«Даследчыкі выявілі, што сёстры з вышэйшай адукацыяй і паспяховасцю (на аснове школьных запісаў, якія захоўваюцца ў архівах кляштара) мелі больш высокія вынікі кагнітыўных тэстаў у больш познім узросце і меншы рыск дэменцыі», — сказала яна. Манахіні з лепшымі навыкамі пісьмовай мовы ў раннім узросце таксама мелі менш рызыкі развіцця дэменцыі.

Усе сёстры, якія ўдзельнічалі ў гэтым даследаванні, ужо памерлі. Аднак даследчыкі працягваюць сустракацца з прадстаўнікамі ордэна, падаючы абноўленую інфармацыю аб дадзеных даследавання.

«Навукоўцы высока цэняць іх адданасць навуцы і дапамогу жыццю іншых», — заключыла Кіра Кларк. «Іх добразычлівасць і шчодрасць зрабілі даследаванне знакавым і наватарскім укладам у вывучэнне дэменцыі і пастаянна натхняюць нас настойваць на важнасці разумення і лячэння гэтага знясільваючага захворвання».

credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку