Як праходзіла акцыя «Мільён дзяцей моліцца Ружанец» у Гродна?

18 кастрычніка дзеці з гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя далучыліся да малітоўнай акцыі “Мільён дзяцей моліцца Ружанец”. Праз тэлемост дзеці ва ўсіх дыяцэзіях Касцёла на Беларусі адначасова маліліся за мір у свеце.

Тэлемост быў усталяваны паміж Браславам, Гомелем, Гродна, Магілёвам і Мінскам. Усіх, хто прысутнічаў анлайн з дапамогай тэлемосту, дзеці разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам прывіталі шарыкамі блакітнага колеру.

На пачатку набажэнства біскупы благаславілі ружанцы, якія зрабілі сваімі рукамі многія дзеці. Да ўдзельнікаў звярнуўся кс. Кшыштаф Сырока з Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі. “Папа Францішак ведае пра вас і моліцца з вамі”, – сказаў ён і дадаў, што з гэтай нагоды перадае ад імя Святога Айца ружанец, які вырушыць у малітоўную вандроўку па парафіях Беларусі.

Пасля малітвы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў дзецям і іх бацькам.

“Мільён дзяцей моліцца Ружанец” – сусветная акцыя, арганізаваная Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет. Гэтая акцыя імкнецца папулярызаваць ружанцовую малітву сярод дзяцей і іх бацькоў, аб’яднаць свет перад абліччам сённяшніх праблем і крызісаў. У мінулым годзе яна сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў: больш за паўмільёна дзяцей са 136 краін, у тым ліку з Беларусі.

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі