Тэму дадзенага моўнага артыкула падказала спрэчка, можна сказаць, нават дыскусія, сведкам, а потым удзельнікам якой стаў і аўтар гэтага матэрыялу. Едучы ў цягніку, пасажыры заўважылі праз акно, як два ўжо немаладыя і не вельмі ахайна апранутыя мужчыны корпаюцца ў кантэйнеры для смецця. І вось жанчыны, што сядзелі побач, на цудоўнай беларускай мове пачалі абмяркоўваць, спрачацца, даказваць адна адной, як жа павінна гучаць па-беларуску ўсім знаёмае слова бомж. Тое, што гэта пазычанне з рускай мовы, зразумела ўсім. Але ж сапраўды: ці маем мы нейкі іншы адпаведнік у беларускай мове? Паспрабуем разабрацца.
Назоўнік бомж стаў ужывацца ў нашай мове напрыканцы 80-ых гадоў ХХ стагоддзя. І першапачаткова гэта быў элемент прафесійнага жаргону міліцыянераў: чалавека, што не меў пастаяннага месца жыхарства, пазначалі своеасаблівай абрэвіятурай, якая расшыфроўвалася па-руску – “без определенного места жительства”. У такім скарочаным выглядзе слова замацавалася і ў беларускім кантэксце. Прыгадаем тут хоць бы ўрывак з рамана В. Казько “Бунт незапатрабаванага праху”: “Імі была перазаселена тайга і геолагаразведка, людзьмі без прапіскі і пастаяннага месца жыхарства – слова “бомж” тады яшчэ не было ў прыродзе, лічылася, што такіх людзей у сацыялістычным грамадстве проста не існуе, яны ліквідаваны як клас залпам “Аўроры”. І было ў тых людзях, іх тварах, позірках нешта бясконца турботнае і жаласлівае, сапраўды сабачае…” Зрэшты, не толькі пісьменнікі не цураюцца гэтага слова, але і паэты часам уводзяць яго ў свае рыфмаваныя радкі: Бомж стаіць немалады, / Каля ног яго – сабакі. / Торба, пляшка з-пад вады / – Скарб няхітры небаракі (П. Саковіч); Бамжы даўно працуюць крута – / На звалку едуць, шчыруны, / Там пляшкі – цвёрдую валюту – / Бяруць сабе штодня яны (В. Жуковіч).
Прыкладаў можна прыводзіць яшчэ шмат. Але скажам толькі, што замацаваліся ў гутарковай камунікацыі і формы бомжык, бамжыха, бамжатнік, бамжаваць. Падкрэслім, менавіта ў гутарковай камунікацыі. Дарэчы, слова бомж фіксуюць і “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы” (1996), і “Слоўнік беларускай мовы” (2012). Цалкам зразумела, што ў літаратурнай мове падобныя лексемы ўжывацца не могуць. І тады паўстае пытанне, вынесенае ў загаловак.
З пункту гледжання культуры маўлення можна разглядаць два назоўнікі з акрэсленым вышэй значэннем: бяздомны (бяздомнік) і беспрытульны (беспрытульнік). Прычым першая з названых пар з’яўляецца асноўнай і таму выкарыстоўваецца нашмат часцей, чым другая. Так, мы можам пачуць: Бяздомных часова размясцілі ў пункце дзённага знаходжання; Металалом скраў бяздомнік, якога тут раней часта бачылі; Некалі паспяховы чалавек фактычна ператварыўся ў бяздомнага; Некалькі бяздомнікаў пасялілася непасрэдна каля сметніка.
Мы заўважаем таксама выкарыстанне згаданага назоўніка і ў творах нашых класікаў. Так, у трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” слова бяздомнік ужыта з адценнем іроніі, з пэўнай доляй жарту: “Ліда яшчэ толькі-толькі распускаецца ў прыгожую кветку, з мілага нявіннага падлетка перараджаецца ў маладую дзяўчыну, якая потым на яго [Лабановіча], бяздомніка, можа, і глядзець не захоча”.
Звернем увагу, што замацавалася ў камунікацыі і форма жаночага роду – бяздомніца: Некалькі гадоў Таццяна была бяздомніцай, пакуль аднойчы не сустрэла Васіля. “Я не бяздомніца, – пакрыўдзілася жанчына. – Хоць не маю дзе жыць у горадзе, у вёсцы ў мяне засталася бацькоўская хата…”
Падкрэслім яшчэ раз, што назоўнікі беспрытульны (беспрытульнік) ужываюцца значна радзей. Да таго ж тут рэалізуецца і іншае значэнне: “бяздомнае дзіця ці падлетак, якія страцілі сям’ю ці адарваліся ад яе і жывуць без догляду і выхавання дзе давядзецца”.
Такім чынам, у беларускай літаратурнай мове чалавека, які не мае свайго жылля, не мае сталага месца пражывання можна назваць бяздомным ці бяздомнікам. Гэтыя назоўнікі не маюць такой выразнай негатыўнай эмацыянальнай афарбоўкі, як калька з рускай мовы бомж. Таму яны могуць ужывацца ў розных маўленчых сітуацыях і не парушаюць патрабаванні культуры мовы.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
