Імша перад канклавам: малітва аб Пантыфіку для складанага часу

Дэкан Калегіі кардыналаў кардынал Джавані Батыста Рэ заклікаў малiцца да Духа Святога аб дары Папы паводле Божага сэрца, для дабра Касцёла і чалавецтва на Імшы «Pro eligendo Romano Pontifice» напярэдадні канклава.

На некалькі гадзін перад пачаткам канклава Касцёл трывае на малітве, просячы святла і моцы Духа Святога, каб быў выбраны Папа, «якога так патрабуюць Касцёл і чалавецтва, знаходзячыся на гэтым складаным павароце гісторыі». Так адзначыў кардынал Джавані Батыста Рэ, які 7 мая 2025 года ўзначаліў урачыстую Імшу ў інтэнцыі выбару новага Пантыфіка ў ватыканскай базіліцы.

Мець у сэрцы толькі Бога і дабро Касцёла

Падчас гаміліі дэкан Калегіі кардыналаў падкрэсліў, што пры выбары новага Папы неабходна «адкінуць усялякія асабістыя меркаванні і мець у розуме і сэрцы толькі Бога Езуса Хрыста ды дабро Касцёла і чалавецтва”. Ён заўважыў, што з літургічных тэкстаў вынікае заклік да братэрскай любові, узаемнай дапамогі і ўдзелу ў будаванні касцельнай камуніі і паўсюднага чалавечага братэрства.

Кардынал Рэ нагадаў, што сярод задач кожнага Наступніка Пятра – развіццё камуніі: камуніі ўсіх хрысціян з Хрыстом; камуніі біскупаў з Папам; камуніі біскупаў паміж сабой.

Супольнасць, засяроджаная не на сабе, а на будаванні еднасці

«Гэта не супольнасць, засяроджаная на самой сабе, але цалкам накіраваная на будаванне еднасці паміж людзьмі, народамі і культурамі. Яе галоўны клопат – каб Касцёл заўсёды быў “домам і школай супольнасці», — падкрэсліў кардынал Рэ.

Прапаведнік нагадаў, што «еднасць Касцёла жаданая Хрыстом; еднасць, якая не азначае уніфармізацыі, але трывалую і глыбокую камунію ў разнастайнасці, пакуль захоўваецца поўная вернасць Евангеллю». Ён дадаў, што кожны Папа прадстаўляе Хрыста на зямлі і «з’яўляецца скалой, на якой пабудаваны Касцёл».

Усведамленне прысутнасці Бога перад выбарам

Дэкан Калегіі адзначыў, што выбар Папы адбываецца ў Сікстынскай капэле, дзе «усё спрыяе ўсведамленню прысутнасці Бога, перад абліччам якога аднойчы кожны павінен будзе стаць». Ён таксама прыгадаў надзею, выказаную святым Янам Паўлам II, што вобраз Езуса Суддзі аўтарства Мікеланджэла нагадае кожнаму пра вялікую адказнасць за даверанне «ключоў найвышэйшай улады» ў адпаведныя рукі.

«Будзем маліцца, каб Дух Святы, які на працягу апошніх ста гадоў адорваў нас сапраўды святымі і вялікімі Папамі, адарыў нас новым Папам паводле Божага сэрца, для дабра Касцёла і чалавецтва. Будзем маліцца, каб Бог даў Касцёлу Папу, які найлепш здолее абудзіць сумленні ўсіх і вызваліць маральную і духоўную энергію ў сённяшнім грамадстве, якое характарызуецца вялікім тэхналагічным прагрэсам, але мае схільнасць забывацца пра Бога», — сказаў кардынал Рэ.

На заканчэнне сваёй гаміліі дэкан Калегіі кардыналаў звярнуўся да Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, просячы Яе мацярынскага заступніцтва, каб Дух Святы асвятліў розумы кардыналаў-выбаршчыкаў і зрабіў іх згоднымі ў выбары Папы, якога патрабуюць нашы часы.

Vatican News

для друку для друку