Імша Хрызма для прэзбітэрыя Віцебскага касцёла прайшла ў Вялікую сераду

31 сакавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску пры ўдзеле дзеканаў і некаторых святароў біскуп Алег Буткевіч канцэлебраваў святую Імшу Хрызма.

Святая Імша Хрызма – момант, калі ўваходзім у Пасхальны Трыдуум, распачынаем святкаванне Пасхальнай таямніцы Езуса Хрыста. “Гэтай Эўхарыстыяй дзякуем Богу за дар святарства, Хрыстовага святарства, у якім кожны з нас паводле свайго стану мае ўдзел, як свецкія, так і святары, бо кожны мае свае заданне”, — падкрэсліў Віцебскі пастыр на самым пачатку літургіі.

Урачыстую Эўхарыстыю біскуп Алег цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй Віцебскай дыяцэзіі, перадусім за святароў, братоў і сясцёр законных, тых, хто на заклік Езуса Хрыста адказаў: “Так! Хачу ісці за Табой!”

У сваім слове, скіраваным да духоўных асобаў, ардынарый паразважаў над веліччу багацця Божай ласкі, шчодра ўдзеленай чалавеку, якая выўляецца ў знаку асвечанага алею Хрызма і намашчэння хворых.

Поўны тэкст гаміліі >>

Далей Віцебскі ардынарый скіраваў падказкі на сродкі, якія трэба паспрабаваць выканаць у сітуацыі, калі «замест вучня Хрыстовага святар ператвараецца ў функцыянера, худа-бедна выконваючы сваё служэнне толькі як нейкую павіннасць»:

  1. Вяртанне да асабістай малітвы.
    Заданне да пробашчаў: каб касцёлы не былі проста ўпрыгожваннем нашых гарадоў і вёсак, а даступным месцам малітвы для кожнага жадаючага. Касцёл не павінен быць недаступным бастыёнам, але гасцінным прытулкам. Сёння касцёл павінен быць месцам, дзе чалавек сустракае Хрыста, а не месцам, дзе Яго хаваюць ад чалавека.
  2. Братэрская падтрымка адзін аднаго. Адзінства прэзбітэрыя ў лучнасці з Настаўнікам і Збаўцам Хрыстом.
  3. Малітва Касцёла.

У гэты дзень святары аднавілі сваё абяцанне вернасці святарскаму служэнню. Адбыўся ўрачысты дыялог духавенства са сваім біскупам, які запытаўся ў прысутных, ці гатовыя яны ісці следам за Хрыстом і адказна выконваць сваю пастырскую місію.

Падчас Імшы Хрызма адбываецца асвячэнне алея хворых і алея хрызма, якія ўжываюцца для ініцыяцыі чалавека ў святы Каталіцкі Касцёл для падтрымання таго каштоўнага дару, якім ёсць наша здароўе. Гэта алеі, якія пасля выкарыстоўваюцца для ўдзялення сакрамантаў хросту, бежмавання, святарскага пасвячэнне і намашчэння хворых.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку