Казанне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча на святой Імшы Хрызма

Шаноўныя святары, кансэкраваныя асобы,
дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

Вялікі чацвер, які распачынае Святы Пасхальны Трыдуум — гэта дзень, калі асаблівым чынам мы звяртаем нашую ўвагу на Хрыстовае Святарства, у якім кожны з нас, як святары, кансэкраваныя асобы так і свецкія вернікі, кожны паводле свайго паклікання і акрэсленага нам у Касцёле месца, бяром удзел. Момант устанаўлення служэбнага святарства будзем узгадваць падчас cв. Імшы Вячэры Пана. Святая Імша Хрызма гэта момант, у якім усведамляем веліч і багацце Божай ласкі, шчодра ўдзеленай чалавеку, і якая выяўляецца ў знаку асвечанага Алею Хрызма і Намашчэння Хворых.

Ужо падчас прыняцця Сакраманту Хросту мы атрымалі намашчэнне Духам Святым. Поўня Яго Дароў сплыла на нас праз Бежмаванне. Асаблівыя дары Духа Святога ўдзяляюцца тым, хто прымае Сакрамант Святарства. І гэтае намашчэнне скіроўвае нас да людзей: “абвяшчаць добрую навіну ўбогім,  вызваленне палонным, сляпым вяртаць зрок,  выпускаць спакутаваных на свабоду” (пар Лк 4,18).

Але часам можа здарыцца так, што гэтае намашчэнне перастае дзейнічаць, як бы страчвае сваю моц, становіцца незаўважальным. Адбываецца гэта тады, калі мы губляем з поля нашага духоўнага зроку Езуса Хрыста, калі халаднеюць нашыя адносіны з Ім, і замест вучня Хрыста, прапаведніка Яго Добрай Навіны ператвараемся ў функцыянераў, худа-бедна выконваючых сваё служэнне толькі як нейкую павіннасць. Гэта ўжо павінна стаць знакам перасцярогі.

Першы сродак, які трэба паспрабаваць выкарыстаць у такой сітуацыі — гэта вяртанне да асабістай малітвы. У Евангеллі паводле святога Марка чытаем: “На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся” (Мк 1, 35). Гэта адно са шматлікіх месцаў Святога Пісання, якое сведчыць, наколькі Езусу залежала на малітве як крыніцы духоўнай сілы. Малітва была падрыхтоўкай Яго навучання, прыняцця адказных рашэнняў, умацаваннем у хвіліны выпрабавання, а таксама выразам радасці і ўдзячнасці. І што ва ўсім гэтым таксама вельмі важна, што можам назваць своеасаблівым “пабочным эфектам” малітвы Езуса Хрыста — гэта яе прыклад, перадусім для Яго вучняў. Наколькі ён быў дзейсным сведчыць іх просьба: “Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў” (Лк 11,1).

Трэба адзначыць, што і сёння асабістая малітва святара — гэта той неадзоўны сродак Евангелізацыі, без якога ўсе астатнія методыкі не будуць мець чаканага эфекту. На жаль мы, святары, часта недаацэньваем яго вагі і значэння ў душпастырстве. Не скажу, што асабістая малітва святара сёння цалкам занядбаная, аднак плёны і ўзровень нашай духоўнай дзейнасці нярэдка сведчаць пра яе не надта высокую якасць.

З гэтым звязана таксама пытанне нашых, пераважна ўвесь час замкнёных касцёлаў, і, адпаведна, рэдкая магчымасць сустрэць там святара па-за Святой Імшой. Не кажу зараз пра асабістыя нюансы кожнай паасобнай парафіі ці касцёла, якія напэўна існуюць і ствараюць свае асаблівасці ў кожным канкрэтным выпадку, але пра агульную праблему. Праблему ў тым, што святара сёння можам знайсці дзе заўгодна, але ў гэтым спісе касцёл часта будзе стаяць далёка не на першым месцы.

Магчыма, гэтае пытанне можа падацца не такім і важным сярод глабальных спраў сучаснага свету і Касцёла, аднак, як ведаем, пакуль што адзіны ў свеце, апякун пробашчаў, святы Ян Марыя Віаннэй, распачаў навяртанне сваёй захудалай парафіі менавіта з гэтай “дробязі”. Які быў з гэтага вынік, добра нам вядома. Напэўна да гэтага падштурхнула яго вера ў тое, што не людскія здольнасці ці талент навяртаюць людзей, але Божая ласка, якую можна выпрасіць вытрывалай малітвай і пакутай. Выпрасіць у Таго, як кажа нам сёння ўрывак з кнігі Апакаліпсіса св. Ап. Яна, “хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў, і ўчыніў нас валадарствам, святарамі для Бога і Айца свайго” (Ап 1, 5-6). А таксама разуменне таго, што калі не святар, то хто тады павінен маліцца ў касцёле? Ці ж не павінна быць таксама нашай матывацыяй тая, якую меў дванаццацігадовы Езус, калі бацькі шукалі Яго ў Ерузалеме: “Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?” (Лк 2, 49).

Варта ўзгадаць тут яшчэ знакаміты заклік святога Папы Яна Паўла ІІ: “Адчыніце дзверы Хрысту!”, скіраваны як да паасобнага чалавека, так і да міжнародных, палітычных і грамадскіх супольнасцяў. Скіраваны да нас, святароў, перадусім пробашчаў, гэты заклік павінен быў бы гучаць наступным чынам: “Адчыніце дзверы да Хрыста!”, каб нашыя касцёлы, адбудова якіх нас столькі каштавала і яшчэ каштуе, не былі простым упрыгожаннем гарадоў і вёсак, 23 з 24 гадзін замкнёнымі на ключ, але даступным месцам малітвы для кожнага жадаючага. Зразумела, гэта каштуе высілку, часу і, магчыма, іншых сродкаў, але інакш нашыя касцёлы ўсё больш будуць успрымацца “недаступным бастыёнам”, чым “гасцінным прытулкам”. Сапраўды, калісьці касцёлы выконвалі і абарончую функцыю, ратуючы людзей перад нападнікамі, але сёння ўсё ж такі павінны быць месцам, дзе чалавек сустракае Хрыста, а не месцам, якое хавае Яго ад чалавека.

Другі сродак, які павінен дапамагчы святару вытрываць на дарозе служэння, гэта братэрская падтрымка адзін аднаго, адзінства прэзбітэрыя, якое павінна дапамагаць нам трываць у лучнасці з Хрыстом, нашым Настаўнікам. Неаднойчы кожны з нас можа знайсціся ў сітуацыі чалавека з прыпавесці Езуса Хрыста пра Добрага Самараніна, які патрапіў у рукі разбойнікаў. Не абавязкова гэта павінна быць нейкая фізічная шкода ці матэрыяльная праблема. Магчыма нейкі духоўны крызіс, складаная сітуацыя, проста стомленасць. У такой сітуацыі важна памятаць, што найлепшую падтрымку можа аказаць менавіта брат у святарстве. Бачачы кагосьці з братоў у небяспечнай сітуацыі, не магу прайсці міма, ці сказаць: “Хіба я вартаўнік свайго брата?” (Быц 4,9). Бо ў першую чаргу да нас павінен прамаўляць той прынцып, якому вучыць нас Езус: “Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце” (Мц 7,12). І сапраўды бывае балюча, калі замест словаў падтрымкі, святара напатыкае абыякавасць, ці, што яшчэ горш, абгаворы і асуджэнне. У сваёй нядаўняй Энцыкліцы Fratelli Tutti, папа Францішак між іншым піша: “Асаблівай увагі заслугоўвае той факт, што вера ў Бога і пакланенне Яму не гарантуе жыцця, якое падабаецца Богу. Веруючы можа не выконваць тых патрабаванняў, якія ставіць перад ім яго вера, і пры гэтым адчуваць, што ён блізка Бога і лепшы за іншых. Аднак існуюць спосабы практыкавання веры, якія дапамагаюць адкрыць сэрцы на братоў і сясцёр, што, у сваю чаргу, будзе гарантыяй сапраўднай адкрытасці на Бога” (FT 74). Такімі спосабамі якраз і з’яўляюцца ўчынкі міласэрнасці, якія добра з вамі ведаем. Да іх належыць таксама і плячо, падстаўленае брату, які знайшоўся ў патрэбе.

Нарэшце трэці сродак, без якога нам было б вельмі цяжка спаўняць свае святарскія абавязкі, гэта канешне ж малітва Касцёла. Сёння мы чарговы раз дзякуем Богу за кожнага чалавека, які памятае пра нас, святароў, у сваіх малітвах. Гэта тое заплечча, тая падпітка, якая дае сілы ісці за Хрыстом і быць Яго Alter Ego, другім Я. Рабіць справы, якія Ён рабіў, абвяшчаць Яго Валадарства і яднаць людзей з Богам. Няхай малітва Касцёла дапаможа нам заўсёды памятаць, што для чалавека, які шукае Бога, вельмі важна сустрэць кагосьці, хто сам жыве Богам, трывае з Ім у цесных адносінах, мае на Яго час. Святар прызначаны быць менавіта такім “Добрым Самаранінам”, з якім ёсць “Рука Моцы Божай, і з кім Яго вернасць і ласка” (пар Пс 89, 22;25).

Калі вы, дарагія святары, згодныя далей разам ісці шляхам Хрыстовага святарства, то яшчэ раз, шчырым сэрцам, адновім прысягу вернасці Божай службе.

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Віцебск, Катэдра, 31.03.2021г.

для друку для друку