Год без Францішка: малітва і памяць у Санта-Марыя-Маджорэ

Рым рыхтуецца малітоўна адзначыць першую гадавіну адыходу ў вечнасць Папы Францішка. Урачыстасці пройдуць у любімай ім базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, дзе спачывае цела Пантыфіка.

У аўторак, 21 красавіка 2026 года, споўніцца роўна год з таго моманту, як у 7.35 раніцы сэрца Папы Францішка перастала біцца. Гэты дзень стане часам глыбокай удзячнасці за яго служэнне, а эпіцэнтрам памятных мерапрыемстваў абрана папская базіліка Санта-Марыя-Маджорэ.

Выбар месца не выпадковы, бо менавіта тут спачылы Пантыфік завяшчаў пахаваць сябе, жадаючы застацца назаўсёды побач з Маці Божай.

Малітва і адкрыццё памятнай дошкі ў гонар Францішка

Праграма ўспамінаў распачнецца ў 17.00 у Паўлінскай капліцы з супольнага чытання малітвы Ружанца. Гэта асаблівае месца для Францішка, які меў незвычайную духоўную сувязь з абразом Маці Божай «Salus Populi Romani». Падчас свайго пантыфікату ён спыняўся перад гэтым старажытным марыйным вобразам для малітвы 126 разоў.

У межах урачыстасці будзе адкрыта памятная дошка з бронзы, якая зафіксуе гэтую адданасць у гісторыі. На ёй змешчаны лацінскі надпіс, які сведчыць: «Францішак, Папа, які 126 разоў затрымліваўся на пабожнай малітве ў стоп “Salus Populi Romani”, з уласнай волі спачывае ў гэтай папскай базіліцы – 21 красавіка 2026 года, першая гадавіна смерці».

Пасланне Папы Льва XIV і трансляцыя для вернікаў

Кульмінацыяй вечара стане Эўхарыстычная цэлебрацыя пры папскім алтары ў 18.00. Хоць цяперашні Пантыфік, Папа Леў XIV, знаходзіцца ў гэтыя дні ў апостальскім падарожжы па Афрыцы, яго прысутнасць будзе адчувальнай – падчас Імшы зачытаюць спецыяльнае пасланне Святога Айца.

Для тых, хто не зможа патрапіць унутр святыні, прадугледжана прамая трансляцыя праз сервісы «Vatican News», а таксама на вялікім экране, усталяваным на плошчы перад базілікай Санта-Марыя-Маджорэ.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку