У снежні 2023 года Папа Рымскі Францішак абвясціў аб правядзенні ў Каталіцкім Касцёле Сусветнага дня дзяцей. Сустрэча адбылася ў Рыме 25 і 26 мая, а 1 чэрвеня ў рамках гэтай ініцыятывы прайшла агульнабеларуская сустрэча дзяцей у Будславе.
Маленькія вернікі з розных гарадоў і вёсак сабраліся ў нацыянальным санктуарыі, каб разам быць пры Марыі – найлепшай Маці ў Свеце.
Адметна, што сярод удзельнікаў было шмат дзяцей, якія ў гэтым годзе прынялі першую Святую Камунію.
На пачатку мерапрыемства да прысутных звярнуўся айцец Аляксандр Шамрыцкі МІС. Ён прывітаў арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча, святароў, сясцёр законных і бацькоў, якія ў гэты дзень дапамаглі дзецям прыбыць у Будслаўскую святыню.
Святар распавёў пра ўдзел у Сусветных днях моладзі групы дзяцей з Беларусі і неверагодную сустрэчу з Папам Рымскім, якая застанецца ў сэрцах на ўсё жыццё.
Гэты аповед дапоўніла сястра Часлава Навіцкая, адказная за душпастырства дзяцей у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Напрыканцы яна пажадала кожнаму дзіцяці адчуваць сябе на сустрэчы быццам Езус на руках у Марыі: спакойна, утульна і радасна.
Пасля прывітальнага слова распачалася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён звярнуўся да дзяцей і прапанаваў падзякаваць Езусу за першы дзень канікул, а таксама за тых, хто падчас навучальнага года быў побач: за бацькоў і сяброў, за настаўнікаў і працаўнікоў школ, а таксама за катэхетаў.
Гамілію прамовіў біскуп Алег Буткевіч. Разам з маленькімі вернікамі іерарх паразважаў над падзеямі адведзінаў Паннай Марыяй святой Альжбеты і над тым, што Езус прыносіць радасць.
“Святы Ян так радаваўся прысутнасці Езуса, што ўзварухнуўся ва ўлонні. Так і ў нашым жыцці крыніцай радасці павінен быць Езус, таму трэба заўсёды запрашаць Яго ў сваё жыццё”, – зазначыў іерарх.
Пасля святой Імшы і перапынку на пасілак прысутных чакала насычаная забаўляльная праграма: дзеці маглі ўдзельнічаць у актыўных конкурсах, гульнях і вясёлых танцах, а таксама адкрыць для сябе штосьці цікавае, наведаўшы майстар клас па дыджэенгу, ігры на барабанах, стварэнні цікавых рэчаў сваімі рукамі.
Час набліжаўся да гадзіны Божай Міласэрнасці, таму дзеці суцішыліся, дасталі ружанцы і маліліся вяночкам, давяраючы Пану сваіх сяброў, бацькоў, а таксама Беларусь і ўсе краіны свету, асабліва тыя, дзе зараз войны і неспакой.
Напрыканцы арцыбіскуп Юзаф прачытаў Акт прысвячэння Сэрцу Езуса. Словы малітвы за сваім пастырам паўтаралі дзеці і дарослыя, святары і кансэкраваныя асобы. Пасля ўрачыстага бласлаўлення ўдзельнікі паспяшылі дадому, каб несці Хрыста тым, хто застаўся дома і абавязкова сустрэцца разам праз год.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота
