Гісторыі паклікання. У Пінску прайшла агульнабеларуская сустрэча семінарыстаў

pinsk_jubilej_00«Пакліканне» – часта чуеш гэты тэрмін з вуснаў святароў. Той ці іншы чалавек менавіта дзякуючы яму жыве ў хвале Бога  і становіцца духоўнай асобай.

А як прыходзіць пакліканне, у якія моманты жыцця і як рэагуюць родныя пакліканых на гэта, мы высвятлялі ў Пінскай міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі падчас юбілеяў з нагоды 90-годдзя заснавання і 15-годдзя аднаўлення яе працы. Туды рэдактара газеты “Каталіцкі Веснік” разам з супрацоўнікамі рэдакцыі запрасіў асабіста рэктар Пінскай духоўнай семінарыі кс. Андрэй Рылка.

А зараз усё па парадку.

Калі заехалі ў Пінск з боку Івацэвічаў, па шчырасці, горад вялікага ўражання не зрабіў, хіба што ўразіла шырокая пешаходная зона з яе тратуарамі. А вось калі прыехалі ў стары горад, было значна цікавей. Старадаўні Пінск нечым нагадаў нам архітэктуру і вулачкі Гародні. Далей з вуліцы Леніна павярнулі на вуліцу Казіміра Свёнтка, дзе месціцца прыгожы будынак Пінскай семінарыі з прылеглым да яго саборам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў стылі барока.

pinsk_mvds22

Гістарычная даведка

Заснавальнікам семінарыі з’яўляецца біскуп Зыгмунт Лазінскі, які адразу пасля свайго прызначэння на Мінскую катэдру ў 1917 годзе задумаўся над стварэннем новай семінарыі. У 1918 году семінарыя была створана ў Мінску, аднак пасля захопу Мінска бальшавікамі выхаванцы былі вымушаныя з’ехаць у Польшчу.

Другую спробу біскуп Лазінскі распачаў у 1924 годзе, заснаваў семінарыю ў Навагрудку, які ўваходзіў у склад міжваеннай Польскай Рэспублікі. Пасля заснавання ў 1925 годзе Пінскай дыяцэзіі семінарыя пераехала ў Пінск, які таксама належаў Польшчы. Біскуп Лазінскі сам выкладаў у семінарыі біблеістыку і ўсяляк спрыяў яе развіццю. Семінарыя месцілася ў будынку былога францішканскага кляштара ХVIII стагоддзя пры катэдральным саборы. З 1928 года ўжо на ўсіх шасці курсах вучыліся семінарысты.

У 1939 годзе Пінск увайшоў у склад БССР, і савецкія ўлады зачынілі семінарыю. Аднавіў яе працу кардынал Казімір Свёнтак толькі ў 2001 годзе.

За ўвесь час існавання семінарыі яе скончыла каля ста чалавек, сярод якіх  кардынал Казімір Свёнтак, ксёндз Ян Васілеўскі, блаславёны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, расстраляны ў Глыбокім падчас Другой сусветнай вайны і іншыя духоўныя асобы.

pinsk_jubilej_16

Будынак семінарыі і яго ваколіцы ўразілі сваёй прыгажосцю і добраўпарадкаваннем. Цэнтральнае месца ў будынку займае капліца, дзе семінарысты праводзяць шмат часу: моляцца і разважаюць пра Святое Пісанне. Па прыездзе ў Пінскую семінарыю, адразу туды і накіраваліся, каб супольна з клерыкамі і іншымі духоўнымі асобамі памаліцца Вяночкам да Божай міласэрнасці.

Пасля гэтага ў канферэнц-зале семінарыі пазнаёміліся з прэзентацыямі дзвюх духоўных семінарый, якія прадстаўлялі іх навучэнцы. Прадстаўнікі Гарадзенскай семінарыі склалі своеасаблівую фотасправаздачу з жывымі каментарамі пра гісторыю і дзейнасць сваёй установы, а навучэнцы Пінскай зрабілі відэаролік.

Праграма была даволі насычанай разнастайнымі мерапрыемствамі, але галоўнае – гэта малітва і размова з Богам. Таму разам з біскупамі, семінарыстамі, простымі пінчанамі мы маліліся ў капліцы і катэдры і разважалі над Святым Пісаннем падчас святой Імшы.

Асноўная ўвага тэме пакліканняў надавалася на канферэнцыі. Там выступілі з дакладамі біскупы Аляксандр Яшэўскі SDB і Юры Касабуцкі. Першы засяродзіў увагу на самім паняцці “пакліканне” і адказе чалавека на яго, а другі распавёў пра ролю сям’і і Касцёла як асяроддзя, што абуджае пакліканне да святарства.

А потым, нарэшце, настаў той час, калі з дазволу рэктараў можна было пагутарыць з самімі семінарыстамі пра пакліканні і іх шлях у святарства. Да таго ж нам дазволілі агледзіць пакоі семінарыстаў і навучальныя кабінеты.

bagdanovicz

Першым суразмоўцам быў клерык з вёскі Палонка Баранавіцкага раёна Пінскай дыяцэзіі Андрэй Багдановіч, навучэнец пятага курса Пінскай семінарыі, які стаў нашым экскурсаводам у семінарысцкае жыццё:

Я доўгі час распазнаваў пакліканне. З малых гадоў мяне выхоўвалі ў веры бабуля і дзядуля, у мяне было добрае рэлігійнае выхаванне. І аднойчы я трапіў у духоўную семінарыю на дзень адкрытых дзвярэй, калі клерыкі, святары і пробашч давалі свае сведчанні. І дзякуючы ўсяму гэтаму, калі я скончыў школу, хоць і доўга вагаўся, зразумеў, што пайду навучацца менавіта ў духоўную семінарыю. Бо гэта сапраўды маё. Я зразумеў, што на гэтым месцы Бог мяне хоча бачыць, і тут я буду шчаслівы.

На той момант мая бабуля памерла, але дзядуля моцна мяне падтрымаў. Мама з татам асабліва не радаваліся. У нашай сям’і пяцёра дзяцей: я і чатыры сястры. Таму ў таты быў довад, што адзіны сын – гэта той, хто павінен працягнуць род і захаваць прозвішча. Спачатку ён не вельмі пазітыўна ўсё гэта ўспрыняў, але вялікага супраціву не было. А потым, з цягам часу, бацькі сталі мяне падтрымліваць і маліцца за мяне.

pinsk_jubilej_11

Пакой кл. Андрэя, у якім пражывае і яшчэ адзін семінарыст

straszkoДыякан Раман Страшко, парафія Божага Цела ў Нясвіжы, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, навучэнец 6 (апошняга) курса Пінскай семінарыі:

Усё распачалося вельмі даўно. У маім выпадку гэта крыху заблытаная сітуацыя, таму што я быў ахрышчаны ў праваслаўі, у дзяцінстве нават хадзіў у праваслаўную царкву. Але потым я пачаў наведваць касцёл. У той час да нас у Нясвіж прыязджала шмат клерыкаў на практыку, яны дзяліліся сваімі хваляваннямі, сваім вопытам, тым, што ў іх жыцці значыць гэтая семінарыя. І я вось так паступова вырашыў паступаць у семінарыю, паглядзець, што гэта такое. Мне спадабалася, і я пайшоў туды.

Першапачаткова майму тату было вельмі складана гэта ўспрыняць, асабліва ў першы год майго навучання. Калі я прыязджаў дадому, ён перажываў і заўжды мне казаў, каб я паступаў у якую-небудзь іншую вышэйшую ўстанову.

Маці больш спакойна паставілася да гэтага, хоць я і адзіны сын у сям’і. Але потым і мой бацька пачаў моцна мяне падтрымліваць.

brazinskiДыякан Дзяніс Бразінскі, г. Смаргонь, парафія  Святога Міхала Арханёла, навучэнец Гарадзенскай духоўнай семінарыі:

Сваё пакліканне я адчуў у вельмі раннім узросце, мне было тады толькі 10 гадоў. Дакладна нават памятаю гэты момант і дзень тыдня, калі яно прыйшло.

Гэта быў аўторак, за пятнаццаць хвілін да святой Ішмы штосьці адбылося ў маёй галаве, што змяніла мой светапогляд. Я вельмі захацеў стаць міністрантам, да гэтай хвіліны пра гэта ніколі не думаў. І пасля таго, як стаў міністрантам, пачаў цікавіцца святарскім жыццём. Першы святар, які паўстаў на маім жыццёвым шляху, быў ксёндз Алег Жураўскі, тады ён быў вікарыем у нашай Смаргонскай парафіі. Ён звяртаў на мяне ўвагу ўжо тады і заўсёды браў мяне і “па калядзе”, і на іншыя святы, у розныя паездкі і падарожжы. І ўжо ў трынаццаць год для мяне ўжо не стаяла пытанне: кім я хачу быць.

У сям’і я адзіны сын. Мая сям’я, на жаль, няпоўная, мы жывём удваіх з маці. Напэўна, для яе недзе ў сэрцы было цяжка ўсё гэта ўспрыняць. Тое, што адзіны сын ідзе ў семінарыю, ён не будзе мець сям’і, а ў яе не будзе ўнукаў.

Людзі пастаянна задаюць мне гэтае пытанне, калі я распавядаю пра сваё пакліканне: як успрынялі родныя маё рашэнне? Канешне, маці было цяжка, аднак яна гэтага не паказвала і заўсёды малілася і падтрымлівала мяне.

jaszeuskiДапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB пра пакліканне:

Пакліканне дае нам Бог, а чалавек, распазнаўшы яго, адказвае. Таму варта ў першую чаргу зразумець, што пакліканне да святарскага служэння вельмі моцна адрозніваецца ад выбару якой-небудзь іншай прафесіі па той прычыне, што Бог кліча чалавека аддаць усю сваю асобу ў паўнаце, а ў прафесіі чалавек абірае толькі пэўны накірунак свайго ўпадабання альбо сваёй здольнасці. Мы не ведаем, каго Бог кліча і якім спосабам, ведае гэта толькі Ён сам і тая асоба, якая ў сваім сэрцы адчувае гэты заклік, а ў сваіх думках разважае пра тое, ці не адказаць на голас Пана.

rylkoПра пакліканні рэктар Пінскай міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі кс. Андрэй Рылка:

Існуе праблема з адказам моладзі на пакліканне. Падчас розных спатканняў, якія мы праводзім для моладзі, мы бачым, што вельмі шмат маладых людзей, якія задумваюцца і разважаюць пра тое, ці стаць святаром. Значыць, нешта ў сэрцы там адчуваюць. Толькі ў нашай частцы свету, які называюць Заходнім светам ці Еўрапейскай цывілізацыяй, мы бачым, што ёсць шмат страхаў сярод моладзі. А ці спраўлюся? А гэта ж на ўсё жыццё. Існуе вельмі шмат страхаў, таму нямногія адважваюцца прыйсці ў семінарыю.

Страх вернасці, страх трываласці. Гэта тыя ж самыя страхі, што і перад сямейным жыццём. У наш час шмат у свеце разводаў, і маладыя людзі, якія ідуць на сужэнства, нават баяцца ўзяць шлюб, нават часам баяцца распісацца, жывуць “пробаючы”. А ідучы да святарства, ведаем, што там няма такой “спробы”. І таму баяцца, то бок, баяцца прыняць рашэнне на ўсё жыццё. Я б не казаў, што іх палохае цэлібат, іх палохае вернасць і трываласць, і што трэба прыняць рашэнне на ўсё жыццё. А сучасны свет ад гэтага адварочваецца і прапаноўвае іншы шлях: захочаш — пажывеш, тады разыдзешся і г.д. А з Богам разводу няма.

Галоўнае, каб маладыя людзі, якія адчуваюць пакліканне, не баяліся ісці гэтым шляхам і каб мелі добрых памочнікаў, якія б дапамаглі ім дайсці да святарства, а пасля рэалізаваць сваё пакліканне на хвалу Бога і для збаўлення людзей.

У гэтым рэпартажы мы размаўлялі пра пакліканне. Менавіта яно прыводзіць маладых людзей да навучання ў духоўнай семінарыі, а потым спрыяе далейшаму стаўленню ў якасці духоўнай асобы.

Таццяна Смоткіна, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

Чытайце таксама:

У Пінску распачалася агульнабеларуская сустрэча семінарыстаў>>
Даклад біскупа Юрыя Касабуцкага на ўрачыстасцях у Пінскай духоўнай семінарыі. Відэа>>
Семінарысты з Гродна наведалі месца мучаніцтва св. Андрэя Баболі>>
Пінская духоўная семінарыя правядзе акцыю “Стань семінарыстам на ўікэнд”>>

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі