У Пінску распачалася агульнабеларуская сустрэча семінарыстаў

pinsk_mvds28У Пінску ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага 16 красавіка распачалася сустрэча семінарыстаў Беларусі з нагоды Юбілейнага Года Міласэрнасці. Да таго ж у гэтым годзе адзначаецца 90-годдзе з дня заснавання духоўнай семінарыі і 15-годдзе з дня яе аднаўлення.

У першы дзень на ўрачыстаці прысутнічалі ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, клерыкі дзвюх беларускіх семінарый — Пінскай і Гродзенскай, іх выкладчыкі і выхавацелі, законныя сёстры.

Мерапрыемства распачалося супольнай малітвай Вяночкам да Божай міласэрнасці ў семінарыйнай капліцы. Надалей навучэнцы духоўнай установы прэзентавалі прысутным відэаролікі пра гісторыю стварэння і развіцця сваіх семінарый. Падчас прэзентацыі былі ўзгаданыя духоўныя асобы, якія стаялі ля вытокаў духоўных семінарый у Гродне і Пінску, а таксама названыя іх вядомыя выпускнікі.

Першы дзень урачыстасці скончыўся святочнай Імшой, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі. Падчас Літургіі біскуп Алег Буткевіч прамовіў гамілію аб значнасці пакліканняў.

pinsk_mvds32

На наступны дзень святкавання, 17 красавіка, запланаваныя канферэнцыя з удзелам біскупаў, фарматараў і выкладчыкаў духоўных навучальных устаноў, абмеркаванні хвалюючых тэм з жыцця семінарыстаў у Беларусі і погляду на пакліканні як на мясцовым, так і на агульнакасцёльным узроўні, святая Імша ў катэдры і знаёмства з гістарычнай спадчынай мясцовага Касцёла.

Таццяна Смоткіна, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку