Пінская духоўная семінарыя правядзе акцыю «Стань семінарыстам на ўікэнд»

pinsk_mvds01“Стань семінарыстам на ўікэнд” – пад такім дэвізам праходзіць міжнародная акцыя для юнакоў, якія адчуваюць у сваім сэрцы пакліканне да святарства. Сёлета да гэтай акцыі далучылася Міждыяцэзіяльная духоўная семінарыя ў Пінску.

Стаць клерыкам на ўікэнд – гэта значыць пражыць адзін або некалькі дзён так, як жывуць семінарысты, акунуцца ў штодзённае жыццё духоўнай установы, якая рыхтуе будучых святароў. Гэта магчымасць пражыць дзень ад пачатку і да канца так, як перажывае яго студэнт семінарыі: ад 6.00 да 22.30 – з малітвай і спортам, вучобай і працай, духоўна і фізічна. Пабыць клерыкам. Адчуць рытм жыцця маладых юнацкіх сэрцаў, якія прагнуць быць вучнямі Хрыста, рыхтуюцца бяз рэшты прысвяціцца ратаванню людскіх душ.

mvds

Ідэя праводзіць падобныя моладзевыя акцыі ў духоўных семінарыях свету скіравана на разбурэнне шматлікіх забабонаў, страхаў і стэрэатыпаў, якія часам палохаюць маладых людзей. Святары, што займаюцца душпастырствам моладзі і пакліканняў заўважаюць апошнім часам: ёсць шмат юнакоў, якія адчуваюць пакліканне да святарства, але баяцца, што не вытрымаюць у семінарыі. Баяцца, таму што не ведаюць. Іх палохае невядомае. Таму разнастайныя акцыі і мерапрыемствы, якія даюць магчымасць адчуць жыццё семінарыі знутры, павінны разбурыць памылковыя стэрэатыпы і паказаць прыгажосць і радасць жыцця маладых людзей, якія ўжо пераступілі парог семінарыі і з энтузіязмам вучацца ў гэтай Хрыстовай школе, каб выйсці з яе душпастырамі, каторых чакае Бог і сучасны чалавек.

Акцыя “Стань клерыкам на ўікэнд” у Пінскай духоўнай семінарыі будзе праводзіцца ў гэтым годзе 7-9 мая. Аднак, калі хтосьці з маладых людзей жадае “пабыць клерыкам” у іншы час, дзверы семінарыі адчынены для кожнага. Неабходна толькі патэлефанаваць у семінарыю і дамовіцца аб прыездзе. Магчыма гэта будзе той крок, які дапаможа камусьці з маладых людзей перамагчы страх, каб нарэшце выйсці насустрач Хрысту, Каторы кліча наследаваць Яго ў пастырскім служэнні.

seminariaКантакт:

ул. Леніна, 16,
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. (0165)65 41 45; +375 256 044 186.

e-mail: mvds@catholic.by

для друку для друку