Французы вяртаюцца да Бібліі: продажы рэзка выраслі

Ілюстрацыйнае фота

Продажы Бібліі ў Францыі імкліва растуць. Звычайна Біблію купляе моладзь і тыя, хто нядаўна прыналежыць да Каталіцкага Касцёла.

У парыжскай кнігарні La Procure летась продажы Бібліі выраслі больш чым на 20%. Продажы ў выдавецтве Mame, якое спецыялізуецца на рэлігійнай літаратуры, выраслі на 46% за апошнія тры гады — з 52 000 асобнікаў Бібліі ў 2022 годзе да 76 000 у 2024 годзе.

Як кажа кіраўнік Асацыяцыі рэлігійных кнігарняў Тібо Дзюбуа, гэта шырока распаўсюджаная тэндэнцыя. За апошнія некалькі гадоў гэты сектар продажаў вырас прыкладна на 40%, — кажа Дзюбуа, які сам кіруе кнігарнямі Siloë у Анжэры і Нанце.

Часцей за ўсё Біблію набывае моладзь, Тібо Дзюбуа падкрэслівае, што чытацкая аўдыторыя вельмі разнастайная, але ў цэлым гэта моладзь, якая ніколі не мела сваёй Бібліі. Да пакупкі іх заахвоцілі сябры ці сваякі. Шмат каму з іх ад 15 да 25 гадоў, яны не практыкуюць веру і прыходзяць у кнігарню, каб папоўніць сваё слабае веданне хрысціянства.

Па словах Дзюбуа, цікавасць да Святога Пісання можа таксама вынікаць з «неабходнасці вызначэння сябе ў адносінах да навакольнага асяроддзя. Паколькі я хрысціянін, я павінен мець Біблію. «Гэта пачуццё прыналежнасці вельмі моцнае і становіцца ўсё больш важным у сацыяльных сетках», — кажа французскі кнігагандляр.

Лічыцца, што адным з фактараў павелічэння попыту на Святое Пісанне з’яўляецца прыкметны рост колькасці навяртанняў. У мінулым годзе ў Францыі было ахрышчана 7135 дарослых і 5000 падлеткаў. Сёлета чакаецца 8 тысяч хростаў дарослых,- кажа айцец Венсан Брэйнарт, адказны за душпастырства моладзі і пакліканні ў епіскапаце. Падчас падрыхтоўкі да хросту падкрэсліваецца асабісты кантакт з Божым Словам.

На думку біблеіста айца Эц’ена Метэні, «біблійны бум» у Францыі мае значна больш глыбокія карані. Ён лічыць гэта праявай жадання вярнуцца да вытокаў, якое выяўляецца ў розных формах. «Існуе бачная насычанасць свецкім», — кажа а. Мэтэні, які перад тым, як выбраць кансэкраванае жыццё, быў афіцэрам камандас.

«Людзі бягуць ад хаосу». Варта толькі паглядзець на павелічэнне колькасці заявак на пілігрымкі, душпастырства і брацтвы. Ёсць жаданне вярнуцца да вытокаў: Бог абуджае прысутную ў нас тугу. Кажуць, што святому Антонію, каб навярнуцца, хапіла прачытаць усяго адзін верш Бібліі», — дадае французскі экзэгет.

credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку