Францішкане запрашаюць ахвотных на біблійныя рэкалекцыі «Вінаграднік сярод пустыні», прысвечаныя Кнізе прарока Осіі, якія пройдуць з 22 па 24 верасня пры францішканскім кляштары ў Івянцы. Рэкалекцыі будуць спалучаныя з майстар-класамі па мабільнай фатаграфіі, які правядзе прафесійны фатограф, выкладчыца і аўтар курсаў па мастацкай фотаздымцы Дар’я Сцяпанава (www.stepanova.by)
Старазапаветная Кніга Осіі — ці не адна з самых асабістых у Святым Пісанні. Бог пераконвае няверны Ізраэль у сваёй любові і клопаце. Усё гэта абвяшчае чалавек, імя якога значыць «ратунак», а драматычная сямейная гісторыя якога — увасабленне Божай вернасці. Як вяртацца да крыніцы Любові сярод пустыні абыякавасці і пераўтварыць сваю «пустыню» у месца сустрэчы, між іншым, навучыць удзельнікаў рэкалекцый гэтая Кніга.
Апроч канферэнцый, працы ў групах і асабістай малітвы, кожны з удзельнікаў мае магчымасць штодзённай размовы з душпастырам, дзякуючы якой зможа акрэсліць, на якую сферу жыцця скіроўвае яго ўвагу пачутае, прачытанае і прамедытаванае Божае Слова.
Удзел у рэкалекцыях могуць прыняць толькі паўналетнія асобы. Колькасць удзельнікаў абмежаваная.
Больш інфармацыі па тэл.: +375 (29) 556 77 98 — айцец Яўген
