Фестываль калядных спеваў у беларускай глыбінцы ў дваццаць другі раз, у атмасферы цеплыні, прыгажосці і ўтульнасці збярэ дзецей і моладзь іўеўшчыны, каб з вялікай радасцю і энтузіязмам паказаць свае таленты і праславіць Езуса.
Фестываль «Gloria in excelsis Deo» — «Хвала на вышынях Богу» — гэта маштабнае мерапрыемства, якое лічыцца адной з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла на Беларусі. Прайшоўшы шлях ад сціплага парафіяльнага свята да прадстаўнічага фестывалю, мерапрыемства штогод збірае ўдзельнікаў рознага ўзросту, якія не толькі выконваюць калядныя песні, але таксама чытаюць вершы, танчаць і паказваюць калядныя сцэнкі.
За час існавання фестывалю ў ім бралі ўдзел выканаўцы не толькі Іўеўскай зямлі, але і прадстаўнікі розных мясцін Беларусі і нават з замежжа. У якасці ганаровых гасцей на фестывалі прысутнічалі каталіцкія іерархі Беларусі, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і мясцовай ўлады, з якімі ў цеснай супольнай працы штогод ладзіцца фестываль.
Фестываль распачнецца святой Імшой у 11.30 у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла. У 14.00 адбудзецца святочны канцэрт у Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу.
Арганізатары шчыра запрашаюць усіх ахвотных у Іўе на традыцыйны фестываль калядных песень.
