Езус прайшоў вуліцамі Віцебска

19 чэрвеня з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Віцебску пасля двухгадовага перапынку, звязанага з пандэміяй каранавірусу, адбылася доўгачаканая Эўхарыстычная працэсія.

Вернікі з усіх віцебскіх парафій сабраліся ў катэдральным касцёле на ўрачыстую Імшу. Падчас гаміліі біскуп Алег Буткевіч зрабіў акцэнт на словах з нядзельнага Евангелля: “А вы кім лічыце Мяне?”

“Божае слова дапаўняе вельмі моцна і падкрэслівае гэтую таямніцу, дзеля якой так шматлікай сям’ёй з віцебскіх парафій сабраліся ў катэдральным касцёле”.

Перад пачаткам працэсіі іерарх падкрэсліў сэнс працэсіі: “Бог з намі, праз нас нясе з сабой ласку блаславення, супакой, надзею. Гэта малітва з’яўляецца аховай ад усялякага зла”.

Па традыцыі працэсія мела 4 прыпынкі: адзін каля катэдральнага касцёла, два на вуліцах горада і апошні каля касцёла Святога Духа. На кожным прыпынку гучалі ўрыўкі з Евангелля. Акрамя ўдзельнікаў працэсіі, на прыпынку спыняліся і прахожыя: адны з прычыны простай цікавасці, другія рабілі здымкі са сваіх смартфонаў, трэція пыталіся: “З якім святам звязана мерапрыемства?” Такім чынам адбывалася ў пэўным сэнсе евангелізацыя сярод гараджан Віцебска.

Затым біскуп благаслаўляў Найсвяцейшым Сакрамантам, а праз ягоныя рукі сам Бог бласлаўляў жыхароў горада.

Напрыканцы ўрачыстасці пастыр дыяцэзіі выказаў вялікую ўдзячнасць, перадусім, Пану Богу за магчымасць правядзення працэсіі, а таксама святарам Рымска-каталіцкага і Грэка-каталіцкага Касцёла і вернікам. Падзякаваў хору, які сваім спевам упрыгожваў працэсію; прысутным дзецям, якія прынялі ў гэтым годзе першую Камунію, а таксама ўсім арганізатарам свята: сястры Ёнашы, ксяндзам Валерыю Марціноўскаму і Аляксандру Сапелю, вернікам парафіі Маці Божай Фацімскай з Шуміліна. Словы падзякі прагучалі таксама службе аховы парадку і  адміністрацыі Першамайскага раёна за разуменне і дазвол правядзення мерапрыемства.

Таццяна Образава, тэкст
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота

для друку для друку