«Езу, дапамажы мне», — пісаў Бах у пачатку кожнага твора

«Езу, дапамажы мне», — пісаў Іаган Себасцьян Бах у пачатку кожнага твора. Створаны ім твор ён заканчваў словамі «Soli Deo Gloria» («Толькі дзеля хвалы Божай»). Творчасць выбітнага музыканта была напоўнена верай. Альберт Швейцэр, біёграф Баха, назваў яго «пятым евангелістам».

Ён аўтар больш за тысячу вядомых песень. Цягнуўся да сучасных музычных жанраў і пісаў, між іншым: творы для аргана і клавесіна, харавой, духоўнай і поліфанічнай музыкі. Бах напісаў чатыры “Мукі Хрыста” (нем. Die Passion), заснаваных на Евангеллі. Але не ўсе прыхільнікі яго творчасці ведаюць, што вера Іагана Себасцьяна Баха была гарачай, вельмі асабістай і фундаментальнай для яго жыцця.

Арганіст, кампазітар, муж і бацька

Нялёгкім было жыццё Іагана. Яму не было яшчэ дзесяці гадоў, як памерлі бацькі. Затым пераехаў да старэйшага брата ў Ордруф. Калі яму было пятнаццаць, пешшу прайшоў адтуль у Люнебург — больш за 300 км. Тут скончыў школу пры касцёле св. Міхаіла. У Веймары ён працаваў дварэцкім і скрыпачом пры двары прынца Іагана Эрнста.

9 жніўня 1703 года Бах атрымаў жаданую пасаду арганіста ў царкве ў Арнштадце — менавіта тут была напісана самая вядомая п’еса «Таката і фуга рэ мінор» (BWV 565). На той момант Баху не было яшчэ васемнаццаці гадоў.

Ён быў працавітым чалавекам, рамантычным летуценнікам, але пісаў музыку для Бога. Ён успамінаў, што рукі, якімі пісаў, пальцы, якімі складаў, розум, якім выдумляў гукі, былі дарункамі нябёсаў. Разважанні пра звышнатуральныя рэчы рабілі яго сціплым чалавекам, нават у хвіліны вялікіх выпрабаванняў, калі ён змагаўся, сярод іншага, са стратай дзяцей і шматлікімі асабістымі цяжкасцямі.

Смерць блізкіх і слепата

У 1720 годзе сталае жыццё ў Кётэне было перапынена смерцю яго першай жонкі Марыі Барбары. З іх сямі дзяцей выжылі толькі трое, у тым ліку двое сыноў, якія таксама сталі музыкамі: Вільгельм Фрыдэман і Карл Філіп Эмануіл Бах.

Другой жонкай кампазітара была Ганна Магдалена Вількен, дачка прыдворнага трубача пры двары герцага Саксонскага. Яна падтрымлівала мужа ў яго музычнай творчасці, спявала яго творы ў якасці сапрана, нарадзіла трынаццаць дзяцей.

У 1722 годзе Бах стаў кантарам у касцёле св. Тамаша ў Лейпцыгу. На гэтай пасадзе ён заставаўся да апошніх дзён жыцця. Займаўся музычным афармленнем літургіі, выкладаў латынь і граматыку, кіраваў мясцовым хорам.

Іаган і Ганна Магдалена страцілі чатырох дачок і трох сыноў, якія памерлі на руках у бацькі. У 1748 годзе ў Баха пагоршыўся зрок. Неўзабаве катаракта цалкам пазбавіла яго магчымасці бачыць. Музыка папрасіў жонку спаліць усе яго творы і рукапісы. Ганна Магдалена не паслухалася Іагана і захавала яго дакументы ў сакрэце.

Тры літары, або Вера Іагана Себасцьяна Баха

На працягу ўсяго жыцця кампазітар любіў ставіць перад сабой розныя задачы. Напрыклад, тры гады на кожную нядзелю рыхтаваў іншую кантату. Калі ён іграў музыку, то адчуваў, як яго душа славіць Творцу. «Я іграю ноты так, як яны напісаны, але Бог стварае музыку», — сказаў ён.

Кожны раз, калі Бах пачынаў працаваць над творам, схіляў галаву і маліўся: «Езу, дапамажы мне раскрыць Тваю славу праз музыку, якую я пішу. Хай гэта прыносіць радасць».

Іаган выдатна ведаў, што без дапамогі з нябёсаў ён ніколі не зможа выканаць пэўную задачу як мага лепш. Перш чым напісаць якую-небудзь запіску, ён старанна пісаў літары JJ уверсе старонкі: «Jesu, juva», што азначае «Езу, дапамажы мне». Гэтай простай малітвай ён пацвердзіў сваю залежнасць ад Збаўцы ва ўсім, за што браўся. У канцы кампазіцыі пісаў літары SDG: «Soli Deo Gloria», што азначае «Толькі для хвалы Божай».

«Гэта тое, як я хачу жыць. Я хачу пачынаць кожны дзень з малітвы «Езу, дапамажы мне», і я хачу, каб кожнае маё слова і кожны ўчынак, на працягу дня, былі пазначаны літарамі SDG — «Soli Deo Gloria». Незалежна ад таго, ці я ем, ці п’ю, ці што раблю, хачу, каб усё гэта было на хвалу Божую», — тлумачыў Іаган.

Па матэрыялах pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі