13 сакавіка ў межах свайго візіту Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка Пьетра Паралін асвяціў першы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску, паведамляе catholic.by.
З прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў на цырымоніі асвячэння прысутнічаў Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей. У важнай падзеі з жыцця Каталіцкага Касцёла прынялі ўдзел усе прадстаўнікі епіскапату Беларусі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў.
Апостальская Нунцыятура будзе пабудавана ў цэнтры Мінска па праекце архітэктара Паола Руджэра.
Прысутныя госці ўдзельнічалі ў цырымоніі падпісання акта аб будаўніцтве — дакумента, які ўрачыста распачынае будаўніцтва, закладку. Пасля падпісання дакумент быў змешчаны ў металічную капсулу і ўмураваны.
