20 лістапада ў Гродне адбыўся дзень засяроджання для духавенства і законных сясцёр, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Законныя сёстры сабраліся на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і выслухалі канферэнцыю, прысвечаную тэме развіцця духоўнага жыцця, у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім). Святары выслухалі ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі канферэнцыю на тэму літургіі – крыніцы ўсялякіх ласк і дароў Духа Святога.
Кульмінацыяй дня засяроджання была Эўхарыстыя ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскім), у якой удзельнічалі законныя сёстры і духавенства. Узначаліў яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Тэмай гаміліі, якую прамовіў духоўны айцец гродзенскай семінарыі кс. Ян Сарэла, была чуйнасць на Божыя справы, а найперш пазбяганне духоўнай слепаты, якая перашкаджае заўважаць дзейнасць Бога і патрэбы іншых людзей.
На завяршэнне дня засяроджання біскуп Гродзенскі падзякаваў усім шматлікім удзельнікам гэтай сустрэчы, якая з’яўляецца добрай магчымасцю, каб у канцы літургічнага года набрацца духоўных сіл для ўступлення ў перыяд Адвэнту – радаснага чакання прыйсця Пана.
для друку