Дзень святога Валянціна не супярэчыць вучэнню Касцёла

den-vsekh-vlyublennykh1Любоў — гэта справа Божая, кожны дзень, крок за крокам мы можам ўзрастаць у любові з дапамогай Госпада.

14 лютага Каталіцкая Царква адзначае Дзень святых Кірыла і Мяфодзія, асветнікаў славян і заступнікаў Еўропы. Аднак тая ж дата больш вядомая ў свеце як Дзень святога Валянціна або Дзень усіх закаханых.

Сапраўды, на 14 лютага ў касцёле таксама прыходзіцца ўспамін каталіцкага святога Валянціна, біскупа і мучаніка. Як ставіцца хрысціянам да свецкага Дня святога Валянціна, тлумачыць пробашч гомельскай рыма-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці айцец Славамір Ласкоўскі.

— Тыя, хто мае намер браць шлюб, у гэты дзень таксама могуць маліцца разам, каб прасіць у Пана Бога сіл да любові. Каталіцкая Царква не супраць гэтага свята: ніколі не дрэнна памаліцца аб дарах Божых для тых, хто рыхтуецца да шлюбу або ўжо стварыў сям’ю, для тых, хто хоча сур’ёзна любіць іншага чалавека ў хрысціянскіх каштоўнасцях. У такім выпадку ёсць сэнс маліцца да святога Валянціна, прасіць ягонага заступніцтва. Аднак «Дзень святога Валянціна» — не абавязковае свята ў Каталіцкай Царкве, а дабраахвотнае — вернікі могуць адзначаць яго па ўласным жаданні. Сапраўды, такі святы ёсць, і яго можна лічыць заступнікам закаханых.

Пра гэтага святога захавалася вельмі мала звестак. Ён быў біскупам у італьянскім горадзе Тэрні, дзе каля 268 году прыняў мучаніцкую смерць, пра акалічнасці якой нічога не вядома. Згодна з легендай, тагачасны імператар лічыў, што самотны мужчына — без сям’і, жонкі і абавязкаў — лепш змагаецца на полі бітвы, і забараніў мужчынам жаніцца. Святы Валянцін употай асвячаў шлюбы, за што яго кінулі ў турму і адсеклі галаву.

Але перад смерцю святы Валянцін напісаў ліст у форме сэрца да сляпой дачкі стражніка і вылечыў яе. Быццам, так і з’явіліся «валянцінкі». Легенда паказвае на тое, што любоў святога Валянціна зусім не такая, якую дэкларуе сучасны свет. Святы паказвае сваім учынкам хрысціянскую любоў — любоў да ворага.

— Няма нічога дрэннага ў тым, каб вернікі дарылі адзін аднаму сэрцайкі. Але аказваць знакі ўвагі, клопату і любові хрысціянскім сужэнцам варта штодня, а не толькі раз у год. Шырока святкаваць гэтую дату прыдумалі ў камерцыйных колах, каб зарабіць на сэрцайках і іншых падарунках грошы. А любоў і каханне — гэта справа Божая. Кожны дзень, паступова, крок за крокам мы можам ўзрастаць у любові з дапамогай Госпада, — каментуе святар.

Малітва да святога Валянціна

Святы Валянцін, апякун закаханых. Ты, які, рызыкуючы жыццём, абвяшчаў евангельскае пасланне супакою, які, праз мучаніцтва, прынятае з любоўю, перамог усе сілы абыякавасці, нянавісці і смерці, выслухай нашыя малітвы. Перад абліччам падзелаў у свеце дапамажы нам заўсёды любіць неэгаістычнай любоўю, каб сярод людзей мы былі вернымі сведкамі любові Бога.

Няхай ажываюць у нас любоў і давер, якія дазволяць пераадольваць жыццёвыя перашкоды. Просім цябе, апякуйся намі перад Богам, Які з’яўляецца крыніцай любові і ўсёй прыгажосці, Які жыве і валадарыць на вякі вечныя. Амэн.

katolik-gomel.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі