Паважаныя чытачы! Звяртаецца да вас загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Верхнядзвінскага раёна”.
Хачу расказаць вам пра акцыю, якая ўжо шосты раз праводзіцца ў нашым касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў горадзе Верхнядзвінску.
Ідэю акцыі “Мой анёл” падказала мне мая дачка, якая зараз жыве і працуе ў Польшчы. З прапановай я звярнулася да айца Тадэвуша Кавальскага. У той час ён быў пробашчам нашай парафіі і з задавальненнем падтрымаў мяне. Калі да нас прызначылі ксяндза Аляксандра і я паведаміла яму пра акцыю перад Божым Нараджэннем, таксама атрымала падтрымку.
У чым жа сэнс гэтай акцыі? Наведвальнікі нашага аддзялення – гэта дарослыя людзі з інваліднасцю – кожны год перад Божым Нараджэннем малююць і выразаюць анёлаў (хто як можа, у тым сэнсе, што людзі маюць абмежаваныя магчымасці і розныя ступені страты здароўя). Ім дапамагаюць кіраўнікі гурткоў і спецыялісты аддзялення. Ёсць такія маладыя людзі і дзяўчаты, якія нават лыжку трымаць не могуць ці не разумеюць, як яе трымаць, не кажучы пра нажніцы альбо аловак. Потым ужо гатовых анёлаў (падпісаныя на адвароце, да прыкладу – Вольга, 20 гадоў) мы адносім у касцёл і размяшчаем іх на ёлцы. А падпісваем на адвароце для таго, каб было больш зразумела, для каго будзе падарунак.
Затым я звяртаюся да вернікаў з просьбай паўдзельнічаць у акцыі. Пасля святой Імшы парафіяне здымаюць анёла з ёлкі і, напрыклад, Вользе рыхтуюць падарункі. Атрымліваецца, колькі анёлаў, столькі і падарункаў. Перад самым святам Божага Нараджэння падарункі я пераношу да сябе на працу. У перыяд свята Божага Нараджэння (звычайна ў аддзяленні ў нас гэта пасля 25 снежня) да нашых людзей з інваліднасцю “прыходзіць” святы Мікалай і з пашанай, павагай і пяшчотай аддае святочна ўпрыгожаныя пакункі-падарункі наведвальнікам.
Трэба бачыць гэтыя вочы… Як кажуць, дзеля такіх момантаў варта жыць. … І не важна, што змяшчае той ці іншы падарунак.
Пішу для таго, каб выказаць словы падзякі святару нашага касцёла ксяндзу Аляксандру і ўсім парафіянам – удзельнікам акцыі “ Мой анёл”– за падтрымку, за разуменне і неабыякавасць да чужога болю, за хвіліны радасці. Дарэчы, ксёндз заўжды першы здымае анёла з ёлкі, тым самым паказвае прыклад вернікам.
З павагай, Вольга Казлова – парафіянка касцёла НПМ у Верхнядзвінску
