У Мінскім Хрысціянскім Сацыяльным цэнтры 18 кастрычніка адбылася супольная малітва “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы”. Гэта сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”.
Упершыню такая ружанцовая малітва адбылася ў 2005 годзе ў Каракасе, сталіцы Венесуэлы. Падчас малітвы групы дзяцей у прыдарожнай каплічцы, прысутныя жанчыны, адчулі глыбокую блізкасць Панны Марыі. Ім адразу прыгадалася абяцанне айца Піа: “Калі мільён дзяцей разам памоляцца Ружанцам, свет зменіцца.”
З таго моманту да ініцыятывы далучыліся сотні тысяч дзяцей. У Беларусі такая ружанцовая малітва адбылася ўжо трэці раз. Сёлета ў свята святога Евангеліста Лукі, дзеці і іх бацькі разам са сваімі душпастырамі і законнымі сёстрамі аб’ядналіся ў супольнай малітве каб прасіць аб міры і супакоі ў сваіх дамах, сем’ях, краіне і ва ўсім свеце.
Праз сучасныя сродкі камунікацыі да дзяцей з Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра ў Мінску далучыліся дзеці з Бярозы, Глыбокага, Магілёва, Мінска.
Напачатку малітвы ўсіх удзельнікаў прывітала сястра Часлава Навіцкая, якая зазначыла, што ў наш час, як ніколі кожны чалавек адчувае патрэбу ружанцовай малітвы. Сястра Часлава падзякавала прысутным мітрапаліту Юзафу Станеўскаму, арцыбіскупу на пенсіі Тадэвушу Кандрусевічу і біскупу Юрыю Касабуцкаму за жаданне маліцца разам з наймалодшай паствай – дзецьмі Беларусі.
Распачынаў малітву мітрапаліт Юзаф Станеўскі. Мінск маліўся першую балесную таямніцу “Малітва Езуса ў Садзе Аліўным”. Маленькія вернікі разважалі аб тым, што Хрыстос і сёння перажывае хвіліны смутку, бо людзі забіваюць адзін аднаго. “Езу, дай нам духа малітвы, каб мы маглі выпрасіць ў Бога супакой ва ўсім свеце,” – прасілі дзеці.
Другую таямніцу “Бічаванне Хрыста” праводзілі малодшыя парафіяне з Глыбокага разам з пастырам Віцебскай дыяцэзіі біскупам Алегам Буткевічам. Удзельнікі малітвы прасілі Маці Бічаванага Езуса, каб ніякія жыццёвыя цяжкасці не змаглі адлучыць нас ад любові Божай.
У трэцяй таямніцы, разважаючы аб укаранаванні Езуса цернем, дзеці з Магілёва, разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім засяродзіліся над тым, што Хрыстос пераносіў вялікія цярпенні, але не наракаў. Яны прасілі сілаў навучыцца не наракаць, сустракаючы жыццёвыя цяжкасці.
У чацвертай таямніцы «Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую» дзеці з Бярозы разам ксянздом Станіславам Вашкевічам разважалі над таямніцай адкуплення, якая споўнілася на дарозе крыжовай. Ксёндз Станіслаў заклікаў не баяцца браць адказнасць за свае ўчынкі ў штодзённым жыцці і вучыцца прабачаць бліжнім.
Пятую таямніцу “Укрыжаванне і смерць Езуса на крыжы” маліліся дзеці з Гродна разам з біскупам Аляксандрам Кашкевічам. “Нам мала толькі называцца хрысціянамі – мы павінны жыць таямніцаю крыжа”, – прагучала ў разважанні.
Такой была дзіцячая ружанцовая малітва: напоўненая шчырасцю, беспарэднасцю і бясконцай верай, што праз апеку Маці Божай, усе малітвы будуць выслуханыя. А гэта значыць, разам мы наблізімся да супакою ў нашых сэрцах, сем’ях, у нашай краіне і ва ўсім свеце.
Вікторыя Філіпенка, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота
Відэа з samaranin.by
