Дэкрэт аб прызначэнні юбілейных святыняў на Святы 2025 год у Віцебскай дыяцэзіі

Кс. канонік Аляксей Ляшко трымае ў руках памятны знак юбілейнай святыні ў Віцебскай дыяцэзіі на Святы 2025 год

Spes non confundit”, “надзея не расчаруе” (Рым 5, 5).

“Я думаю пра ўсіх пілігрымаў надзеі, якія прыбудуць у Рым, каб перажыць Святы Год, а таксама пра тых, хто, не маючы магчымасці дабрацца да горада апосталаў Пятра і Паўла, будзе святкаваць яго ў мясцовых Касцёлах. Няхай для кожнага гэта будзе падзеяй жывой і асабістай сустрэчы з Панам Езусам, “брамай” збаўлення (Ян 10, 7.9.); з Тым, каго Касцёл мае місію заўсёды, паўсюль і ўсім абвяшчаць як “нашу надзею” (1 Цім 1, 1)”.

Папа Францішак, Була аб абвяшчэнні Юбілею Святога 2025 года, Spes non confundit.

Фота Аляксандры Шчыглінскай

ДЭКРЭТ

У адказ на абвяшчэнне Папам Францішкам Звычайнага Юбілею Святога 2025 года прызначаю на час Святога Года ў Віцебскай дыяцэзіі (29 снежня 2024 – 28 снежня 2025 г.) наступныя Юбілейныя Святыні, якія стануць для вернікаў месцам пабожнай пілігрымкі, у якіх праз сакрамэнт пакаяння, праз падмацаванне святой Камуніяй і малітвай у інтэнцыях Святога Айца са скарбніцы Касцёла можна атрымаць поўны адпуст, прабачэнне і адпушчэнне сваіх грахоў, які таксама можна ахвяраваць за душы, якія церпяць у чыстцы:

  1. Малая Базіліка пад тытулам Нараджэння Маці Божай у Браславе;
  2. Касцёл пад тытулам Нараджэння Маці Божай ў Верхнядзвінску;
  3. Катэдральны касцёл пад тытулам Езуса Міласэрнага ў Віцебску;
  4. Касцёл пад тытулам святога Казіміра ў Лепелі;
  5. Касцёл пад тытулам Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста ў Наваполацку;
  6. Касцёл пад тытулам святога Юзафа ў Оршы;
  7. Касцёл пад тытулам святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Паставах;
  8. Касцёл пад тытулам Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў Удзелe.

Няхай Юбілейныя Святыні нашай дыяцэзіі будуць духоўнымі аазісамі, у якіх кожны жадаючы зможа аднавіць дарогу веры і наталіць смагу з крыніцы надзеі, перадусім прыступаючы да сакрамэнту паяднання, незаменнай адпраўной кропкі для сапраўднага шляху навяртання.

Заахвочваю ўсіх святароў, якія нясуць душпастырскую паслугу ў Віцебскай дыяцэзіі, а асабліва душпастыраў Юбілейных Святынь, ахвярна служыць братам і сёстрам у сакрамэнце пакаяння і паяднання і забяспечыць даступнасць гэтага  сакрамэнту ў індывідуальнай форме.

Заахвочваю таксама святароў, духоўных і свецкіх асоб здзяйсняць  парафіяльныя пілігрымкі, а таксама пілігрымкі ў індывідуальнай форме да Юбілейных Святынь – “святых месц гасціннасці і прывілеяваных прастораў надзеі” (Spes non confundit, 24).

Не гледзячы на ​​правіла, згодна з якім у дзень можна атрымаць толькі адзін поўны адпуст (Enchiridion Indulgentiarum, 4-е выд., норма 18, § 1), вернікі таксама атрымаюць акт міласэрнасці для душаў церпячых у чыстцы, калі законна прымуць сакрамэнт Камуніі другі раз у той самы дзень. Такім чынам вернікі змогуць атрымаць поўны адпуст двойчы ў той жа дзень, ахвяруючы яго выключна за памерлых (гэта значыць падчас ўдзелу ў эўхарыстычнай цэлебрацыі; кан. 917 і Папская камісія па справах сапраўднай інтэрпрэтацыі Кодэкса кананічнага права, Responsa ad dubia, 11 ліпеня 1984 г.) (Нормы ўдзялення адпусту падчас Звычайнага Юбілейнага 2025 года, ІІІ).

“У Юбілейным Годзе кожны з нас пакліканы быць адчувальным знакам надзеі для многіх братоў і сясцёр, якія жывуць у цяжкіх умовах” (Spes non confundit, 10). Таму вернікі змогуць атрымаць поўны юбілейны адпуст, калі наведаюць і прызначаць адпаведны час братам, якія знаходзяцца ў патрэбе або ў цяжкім жыццёвым становішчы (хворым, вязням, адзінокім пажылым людзям, інвалідам іг.д), пілігрымуючы да прысутнага ў іх Хрыста (Мц 25, 34-36) і выконваючы звычайныя духоўныя, сакрамэнтальныя і малітоўныя ўмовы (Нормы ўдзялення адпусту падчас Звычайнага Юбілейнага 2025 года, ІІІ).

Усім Пілігрымам Надзеі, накіроўваючымся да Юбілейных Святынь нашай дыяцэзіі, удзяляю пастырскае благаслаўленне.

+ Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Кс. кан. Віктар Місевіч
Канцлер Курыі

для друку для друку