Да пытання пра ўжыванне слоў “адмысловы”, “адмыслова”, “адмысловец”

uСярод вялікай групы адметных беларускіх слоў, якія часта ўжываюцца сапраўднымі знаўцамі мовы, ёсць прыметнік адмысловы, назоўнік адмысловец і прыслоўе адмыслова. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” трактуе прыметнік адмысловы як “своеасаблівы, адметны, непаўторны, цудоўны, выдатны” (Мінск, 1977, Т. 1, с. 155). У залежнасці ад сэнсу выказвання праз гэтае слова можа быць перададзена любое з названых значэнняў або ўсе значэнні адначасова. Прычым ужываецца прыгожы беларускі прыметнік і ў мастацкіх тэкстах, у тым ліку і класічных, і ў публіцыстычным стылі, і ў вусным маўленні. Прыгадаем прыклады з літаратуры: Палескае неба мае свае адмысловыя найтанчэйшыя адценні (Кузьма Чорны); Рыбак быў дзядзька наш Антоні, / Як і работнік, адмысловы (Якуб Колас). Калі ў першым кантэксце перадаецца значэнне “своеасаблівыя, адметныя”, то ў другім – “цудоўны, выдатны”. Паглядзім на наступныя жыццесцвярджальныя радкі, дзе прыметнік адмысловы адыгрывае, бадай, ключавую ролю:

І вяртаюцца смелыя мроі,
Каб разбавіць халодную кроў.
Адмысловыя маю напоі,
Дураслівых збіраю сяброў.

Тут адлюстравана значэнне “вытанчаныя, далікатныя”. Насамрэч прыгожа па-беларуску гучаць фразы кшталту Я маю адмысловыя цукеркі; Я п’ю толькі адмысловую каву ці гарбату. Увогуле асаблівай папулярнасцю карыстаецца спалучэнне адмысловыя напоі. Калі нехта кажа: Я ўжываю толькі адмысловыя стравы і напоі, то ён міжволі характарызуе сябе як чалавека інтэлігентнага, адукаванага, які падсвядома выклікае давер і павагу.

Прыгожае беларускае слова традыцыйна выкарыстоўваецца на старонках друку: Яшчэ адно, што ўражвае мяне па ўсходні бок фінскай мяжы,– гэта колькасць мігалак ды адмысловых нумароў на машынах… (Віцебскі кур’ер, 7.10.10); Апускаеш манетку 20 крон у адмысловую прыладу, катаешся на ровары… (Звязда, 13.10.10); Сёння ж многія газеты маюць адмысловыя рубрыкі (Наша ніва, 20.10.10); Караткевіча на журфаку сёння чытаюць кожны дзень: адмысловыя чытанні арганізоўвае факультэцкая бібліятэка… Акрамя чытанняў, супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі адмысловую выставу (Звязда, 6.11.10); Тым, хто шукае сякіх-такіх навінаў з жыцця беларускіх гульцоў, лепш зазірнуць на адмысловыя сайты… (Наша слова, 13.10.10); Міжнародны дзень роднай мовы – адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА па прапанове Бангладэш (Наша слова, 16.02.11); Адмысловы статус Данбаса не пагражае цэласнасці Украіны (Звязда, 13.09.14).

Аднакаранёвы назоўнік адмысловец мае значэнне “той, хто вызначаецца адметнасцю, добры спецыяліст, выдатны майстар, прафесіянал”. Шыкоўна гучаць тыпова беларускія выказванні: Гэта сапраўдны адмысловец; Ён рэдкі адмысловец; Гэта справа для адмыслоўцаў. Калі мы хочам аддаць належнае чалавеку-прафесіяналу, то яму прыемна будзе пачуць: Ты сапраўдны адмысловец, гэтую справу можна даверыць толькі табе. Ужываецца дадзены назоўнік і ў газетных тэкстах: Патрэбна спраўдзіць, што ў Беларусі дастаткова лекаў і адмыслоўцаў, каб аказаць дапамогу (Наша ніва, 3.11.10); Адмыслоўцы прадракаюць Афганістану будучыню “літыевай Саудаўскай Аравіі” (Звязда, 15.06.10); – Беларусы хутка асвойваюць новыя тэхналогіі, – хваліліся адмыслоўцы (Наша ніва, 25.08.10); Аналітыкі швейцарскага банка UBS правялі даследаванне з удзелам вядучых адмыслоўцаў сусветных цэнтрабанкаў (Звязда, 29.06.11).

Прыслоўе адмыслова найчасцей выкарыстоўваецца са значэннем “спецыяльна, у першую чаргу”. Калі выбіраць паміж дзвюма фразамі: Я гэта расказваю спецыяльна для вас і Я гэта расказваю адмыслова дзеля вас, дык відавочна, што апошні кантэкст у значна большай ступені падкрэслівае прыгажосць і адметнасць нашай мовы. Вялікай папулярнасцю карыстаецца названае прыслоўе і ў друкаваных СМІ: У ЗША прайшоў чэмпіянат свету сярод кастамаў – так называюць адмыслова, адзінкава вырабленыя матацыклы (Наша ніва, 22.09.10); Адмыслова ў кар’ерах здабывалі камяні, пасля іх ператваралі ў пудру… Я калі глядзеў розныя навучальныя фільмы – думаў, што там гавораць так адмыслова для вучняў, каб усё было зразумела, каб кожная літара гучала! (Звязда, 20.10.10); Да Пасхі глыбачане рыхтаваліся адмыслова (Веснік Глыбоччыны, 27.04.11); Але самае прыемнае, лічыць паэт, калі музыка пішацца адмыслова на пэўны верш (Віцебскі праспект, 16.09.10).

Такім чынам, адметныя беларускія словы адмысловы, адмысловец, адмыслова расквечваюць індывідуальнае маўленне кожнага, хто іх выкарыстоўвае, характарызуюць чалавека як адукаваную, інтэлігентную асобу, каторая ўмее і можа гаварыць прыгожа.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі