Да гісторыі будаўніцтва касцёла святога Апостала Андрэя ў Лынтупах

Касцёл св. Апостала Паўла. Сучасны выгляд

Касцёл св. Апостала Паўла. Сучасны выгляд

Налета Лынтупская парафія будзе святкаваць 125-годдзе ад пачатку будаўніцтва касцёла св. Апостала Андрэя. Як у невялікім мястэчку паўстала вялікая святыня, каторая нават сучаснікам падавалася агромністай? Паспрабуем адказаць на гэтае пытанне.

У гісторыі сакральнай архітэктуры ёсць перыяд імклівага росквіту касцельнага будаўніцтва, падчас якога на тэрыторыі Беларусі за кароткі час у вялікай колькасці паўсталі святыні высокай эстэтычнай вартасці. Гэты перыяд пачынаецца напярэдадні 1900 года і перапыняецца ў 1914 з пачаткам І Сусветнай вайны. За нядоўгі час былі збудаваныя парафіяльныя касцёлы, якія цяпер выступаюць неад’емнай часткай культурных краявідаў Гервятаў, Параф’янава, Суботнікаў, Ашмянаў, Краснага, Нарачы (Кабыльніка), Слабодкі дый многіх іншых заходнебеларускіх паселішчаў. Каб патлумачыць тагачасны выбух касцельнага будаўніцтва, трэба згадаць гістарычныя падзеі, якія адбыліся на сорак гадоў раней.

Пасля задушэння антыцарскага паўстання ў 1863 г. паводле загада віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва на абшарах “Северо-Западного Края” без папярэдняй згоды цывільных уладаў забаранялася будаваць новыя і перабудоўваць старыя касцёлы. У 1864-67 гг у межах рэалізацыі імперскай палітыкі русіфікацыі парафіяльныя касцёлы Віленскай дыяцэзіі разам з філіямі і капліцамі падпалі пад масавае закрыццё. Цягам наступных дзесяцігоддзяў святыні, якія не былі скасаваныя ў першыя гады пасля паўстання, маглі рамантавацца толькі з дазволу віленскага генерал-губернатара і пры значных абмежаваннях: падчас рамонтаў нельга было ані павялічваць памеры, ані змяняць знешнюю структуру святыняў. Ужо досыць хутка старыя, найчасцей збудаваныя з дрэва святыні пачалі занепадаць без належнага догляду. Акрамя таго пад канец ХІХ ст. насельніцтва парафій павялічылася і невялікія касцёлы ўжо не ўмяшчалі ўсіх вернікаў падчас набажэнстваў.

Загад М. Мураўёва быў адменены распараджэннем імператара Мікалая ІІ толькі ў 1896 г. Ад гэтага часу для рамонту існых касцёлаў досыць было дазволу дыяцэзіяльных уладаў. Адміністрацыйным паслабленнем адразу скарысталіся парафіі, якія пачалі будаваць новыя касцёлы пад відам рамонту старых. На схіле ХІХ ст. задумаліся пра будаўніцтве новай святыні таксама жыхары Лынтупаў.

Стары і новы касцёлы ў 1905 г. (фота публікуецца ўпершыню)

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Лынтупы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі і з 1801 знаходзіліся ў Завілейскім павеце Віленскай губерні. З 1843 г. мястэчка стала цэнтрам воласці Свенцянскага павета. У розныя часы Лынтупамі валодалі Гільзены, Астроўскія, Бучынскія. У 1854-1939 гг мястэчка належала Бішэўскім.

Першы драўляны касцёл быў збудаваны ў Лынтупах коштам віленскага ваяводы Андрушкі Даўгірдовіча ў 1495 г. Але невялікі драўляны касцёл, які быў тут напярэдадні будаўніцтва новай мураванай святыні, паўстаў у 1700 г. коштам троцкага кашталяна Яна Бжастоўскага.

У апошняй траціне ХІХ ст. насельніцтва Лынтупскай парафіі хутка павялічвалася. Калі ў 1863 г. у парафіі былі 5153 вернікі, дык у 1896 г. налічвалася ўжо 6995 чалавек. Стары касцёл стаў не толькі замалы для выраслай парафіі, але меў кепскі тэхнічны стан. “Лынтупский костел деревянный построен в 1700 году до того ветх, что ремонт оного не возможен”, – пісалі ў справаздачах павятовыя чыноўнікі. Таму ў 1899 г. пробашч кс. Мацей Бугяніс разам з уладальнікам мястэчка Юзэфам Бішэўскім, навакольнай шляхтай і парафіянамі ініцыявалі будаўніцтва новага мураванага касцёла. Бішэўскі абяцаў ахвяраваць на будаўніцтва 3000 рублёў, 500 000 цаглін, дахоўку і ўсю патрэбную драўніну. Апроч таго Бішэўскі абавязаўся выпаліць неабходную колькасць вапны, якую мусілі паставіць парафіяне. Рэшту патрэбных грошай – 20 000 рублёў – пробашч планаваў сабраць з парафіі праз добраахвотныя ахвяраванні. Цягам наступных дванаццаці гадоў Бішэўскі выдаткуе на будаўніцтва касцёла, улічваючы матэрыялы, каля 10 000 рублёў, што склала каля паловы яго кошту.

Аўтарам праекта быў знаны і шанаваны на абшарах тагачаснай Віленшчыны архітэктар граф Тадэвуш Марыя Раствароўскі (1860-1928). Уладальнік мястэчка Юзэф Бішэўскі стаў асноўным фундатарам касцёла, таму не дзіва, што зрабіць праект новай святыні даручана архітэктару, які ў той час працаваў над рэканструкцыяй яго лынтупскага палаца. Выпуснік Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Пецярбурзе Тадэвуш Раствароўскі пасля некалькіх досыць удалых рэканструкцый палацаў і будаўніцтва даходных дамоў стаў адным з самых вядомых архітэктараў Вільні 1890-х. Асаблівы поспех прынесла яму пабудова віленскага гатэля St. Georges”, адкрытага ў 1894 г.

Будаўніцтва новага касцёла пачалося ў 1900 г. Дамова была заключаная з падрадчыкам Станіславам Іосіфам Пятроўскім – шляхціцам з м. Замбрув тагачаснай Ломжынскай губерні. Архітэктар Раствароўскі прыняў на сябе абавязкі тэхнічнага нагляду за будоўляй.

Спярша вакол старога драўлянага касцёла заклалі падмурак. Для гэтага разбурылі “фронт костёла с четырмя деревянными столбами”, а таксама закрыстыю, дзве капліцы – мураваную і драўляную, фрагмент мураванай агароджы. Падчас будаўніцтва тагачасны пробашч кс. Іяхім Рачкоўскі меркаваў праводзіць набажэнствы ў капліцы на могілках, але, не атрымаўшы дазволу, у чэрвені 1901 г. рапартаваў пра вымушаную затрымку пачатку будоўлі: “По поводу не получения в своё время разрешения совершать богослужение в кладбищенской часовне произошло много убытка в потере материала, а главное в опоздании работ при постройке нового костела – самое лучшее время проходит и до сих пор работы не начаты”. У рапарце пробашч прасіў дазволу перасунуць стары касцёл, праводзіць набажэнствы ў старой званіцы і збудаваць часовы “шалаш”. На пачатку лета драўляны касцёл быў адсунуты далей, у глыб касцельнага пляца, і свянцянскі павятовы спраўнік адрапартаваў у Будаўнічае аддзяленне Віленскага губернскага праўлення: “Лынтупский старый деревянный римско-католический костёл в виду наступления время к постройке разрешенного каменного костела разрушению не подвергся и целиком, исключая приделов, передвинут со своего места во двор плебании, и в оном ныне совершаются временное Богослужение впредь до окончания постройки нового каменного костела”. Праект новага касцёла быў узгоднены пры ўмове, што пасля заканчэння будаўніцтва “стары костел должен быть сломан”. Фотаздымак 1905 г. дазваляе ўявіць, як выглядалі стары і новы касцёлы падчас будаўніцтва. Невядома, калі быў разбураны драўляны касцёлік. Прынамсі ў 1908 г. ён яшчэ стаяў “недзе на ўзбочыне, як руіна”. Але, як сведчаць фотавыявы часоў І Сусветнай вайны, у 1916 г. драўлянага касцёла ўжо не было.

Пасля таго, як улетку 1901 г. стары касцёлік перасунулі, пачалося будаўніцтва муроў. На фотаздымку Яна Балзукевіча можна ўбачыць, як выглядаў новы касцёл на пачатку працаў. Будоўля працягвалася ў 1902-1903 гг, але ў 1904 г. ніякія работы пры касцёле не рабіліся. На пачатку 1906 г. касцёл яшчэ быў окончательно не выстроен, а лишь выведены стены”. “Цалкам вымураваны” будынак быў да 1908 г. Праз недахоп сродкаў будаўніцтва ішло паволі, бо ў красавіку 1910 г. “Kurjer Litewski” паведамляў з Лынтупаў, што “калі нехапіла фундушаў, мясцовы пробашч пачаў збіраць складкі сярод сялян, якія вырашылі асігнаваць на гэтую мэту па рублі з дзесяціны, але не хапіла і тых грошай”. Сялянам прапанавалі падвоіць складкі.

Да лістапада 1911 г. будаўніцтва было нарэшце збольшага завершанае. У акце агляду камісія адзначыла, што костел построен согласно плану… с некоторыми отступлениями, а именно: костел удлинен на 3 сажени, а некоторые двери перенесены на другое место, а также сделаны несколько лишних дверей. На момент осмотра костела найдено, что некоторые архитектурные украшения на фасадах и хорах не закончены, также не устроена еще постоянная лестница, ведущая на хоры и на колокольню и не сделан плиточный пол, но все вышеуказанные недоделки и отступления не могут служить препятствием к открытию богослужений, так как здание во всех своих конструктивных частях выстроено прочно из материалов хорошего качества и надлежащего размера”. Нягледзячы на незавершанасць некаторых аздабленчых работ, 30 лістапада 1911 г. новы касцёл быў асвечаны. Тагачасныя газеты пісалі, што ўрачыстасць асвячэння правяло 25 ксяндзоў, сярод якіх быў даўні пробашч Іяхім Рачкоўскі, каторы прыклаў багата намаганняў, каб будоўля ў Лынтупах паспяхова завершылася.

Вадзім Гліннік

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі