Каб адказаць на гэтае пытанне, спачатку трэба ўспомніць, што такое сакрамэнт намашчэння хворых, – гэта ласка Божая, якая дапамагае хвораму і церпячаму чалавеку спаткацца з Богам. Гледзячы на крыж, мы бачым Чалавека, які вельмі добра ведаў, што такое людское цярпенне. І калі нехта хварэе, жыве ў цярпенні і чаканні смерці, то звяртаецца да Яго, кліча, шукаючы дапамогі і прысутнасці.
У гісторыі калісьці называлі гэты сакрамант “апошнім намашчэннем”, такую назву і сёння можна сустрэць сярод веруючых. Але гэта не “сакрамэнт паміраючых”, а ласка надзеі і святасці, умацавання сіл фізічных і духоўных, падрыхтоўка чалавека да смерці. Прыняўшы гэты сакрамэнт, чалавек атрымлівае:
а) ласку ўмацавання, супакою і мужнасці, каб пераадолець цяжкасці, выкліканыя станам хваробы, або недамаганні старасці. Гэта ласка Духа Святога, які аднаўляе давер да Бога і веру ў Яго, умацоўвае ў барацьбе супраць спакусаў злога духа, супраць спакусы роспачы і трывогі перад смерцю. Падтрымка Пана сілаю Яго Духа вядзе да вылечвання душы і цела чалавека, калі таго хоча Бог, а таксама да адпушчэння ўсіх грахоў; акрамя таго, “каб і награшыў, прабачыцца яму”;
б) сілу і дар паглыблення адзінства з мукай Хрыста;
в) заступніцкую малітву Касцёла ў супольнасці святых. Са свайго боку, хворы праз ласку гэтага сакрамэнту прычыняецца да святасці Касцёла і да духоўнага дабра ўсіх людзей, калі ахвяруецца праз Хрыста Богу Айцу;
г) падрыхтоўку ў апошні шлях. Апошняе намашчэнне як бы ахоўвае канец нашага зямнога жыцця, умацоўвае нас у апошніх змаганнях перад уваходам у дом Айца. Як кажа Святое Пісанне: “Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана. І малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, і грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму” (Як 5, 14-15).
На маім святарскім шляху пры ўдзяленні гэтага сакрамэнту сустракаліся розныя абставіны: блізкія і родныя баяліся і хваляваліся, каб не пакрыўдзіць хворага, каб ён правільна іх зразумеў, адкладвалі сакрамэнт на апошнія хвіліны, бо лічылі, што іх блізкі справіцца са сваёю хваробаю. Былі нават і такія моманты, калі чалавек адразу паміраў пасля намашчэння, як бы чакаў Бога перад смерцю, але было і такое, калі чалавек ужо памёр да майго прыходу. Хачу нагадаць, што гэты сакрамэнт удзяляецца толькі хвораму чалавеку, які яшчэ жывы, а не памерламу. За памерлых мы ўжо толькі молімся.
Іншая справа, калі чалавек знаходзіцца ў коме, страціў прытомнасць або розум, але ва ўсялякім выпадку з’яўляецца яшчэ жывым. У такой сітуацыі святар можа ўдзяліць сакрамэнт толькі тады, калі ведае гэтую асобу і ўпэўнены, што яна ахрышчана, практыкуючая і напэўна жадала б прыняць сакрамэнт Касцёла, калі б была ў прытомнасці. Калі святар не ведае гэтага чалавека асабіста, такую інфармацыю могуць даць і пацвердзіць блізкія і родныя гэтай асобы. Аднак сакрамэнт не ўдзяляецца тады, калі хворы не быў ахрышчаны, трывала заставаўся ў сваім цяжкім граху і адракаўся ад Бога. Трэба падкрэсліць, што такія моманты вельмі рэдкія, але могуць быць.
Адведваючы хворага ў коме, які не можа ўжо сам паспавядацца і прыняць святую Камунію, святар не толькі моліцца за яго здароўе, але і ўдзяляе адпушчэнне ўсіх грахоў і намашчае праз памазанне лба і далоняў хворага аліўкавым ці іншым раслінным алеем, асвячаным адпаведным чынам. Пры гэтым вымаўляюцца наступныя словы: “Праз гэтае святое намашчэнне і сваю бясконцую міласэрнасць няхай Пан умацуе цябе ласкаю Духа Святога. Няхай Пан вызваліць цябе ад грахоў, уратуе і міласціва падтрымае”.
На заканчэнне з нагоды Сусветнага дня хворых хачу пажадаць вам ласкі яднання з Богам і здароўя. Няхай вашыя цялесныя хваробы і духоўнае цярпенне прывядуць да святасці. Жадаю, каб апошняя хвіліна жыцця скончылася думкаю пра Бога, просьбаю аб прабачэнні за свае грахі. Няхай Марыя, Каралева нашых сем’яў, апякуецца вамі, вашымі сэрцамі і святасцю. Радасці ў жыцці і сілы любові да свайго крыжа.
З малітвай, кс. Юрый Бяганскі
для друку