17 кастрычніка ў саборы Святога Аляксандра ў Кіеве былі пасвечаны ў прэзбітэры дыяканы Звонімір Шэсніч (Харватыя) і Мікалай Ермакоў (Беларусь), а семінарыст Пэдра Сафра Гомес-Лімон (Іспанія) стаў дыяканам.
Прыклад кс. Мікалая Ермакова — красамоўнае пацверджанне таго, што ўзрост не з’яўляецца перашкодай для Бога, і таму ніколі не позна выканаць сваё пакліканне да святарскага служэння. Новапрэзбітэру ўжо 71 год.
Цырымонію пасвячэння здзейсніў ардынарый Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі біскуп Віталій Крывіцкі. У сваёй гаміліі іерарх падкрэсліў, што Бог выбірае нас такімі, якія мы ёсць, з усімі нашымі заганамі. І якімі б мы ні былі: гледзячы па-чалавечы — слабымі, з Богам мы моцныя, бо Яго сіла праяўляецца ў нашай слабасці.
Сярод прысутных на ўрачыстай Імшы была Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Харватыі ва Украіне спадарыня Аніца Джаміч.
