Цi можа мацi часткова ўчынiць акт хросту без святара, калi яе нованароджанае дзiця знаходзiцца ў небяспецы па прычыне хваробы?

Цi можа мацi часткова ўчынiць акт хросту без святара (перажагнаць i тры разы палiць вадой галаву немаўляцi са словамi: “Я цябе хрышчу ў iмя Айца i Сына, i Святога Духа”), калi яе нованароджанае дзiця знаходзiцца ў небяспецы па прычыне хваробы i яшчэ не было ахрышчана, а потым паведамiць аб гэтым святару i ўчыніць поўны акт хросту, як належыць, у касцёле? I ў якiя днi па каталiцкiм календары ў касцёле не адбываецца хрост (перыяд Вялiкага посту ці Адвэнту)?

Адказвае а. Аляксандр Махнач SP

Сапраўды, у жыцці чалавека бываюць такія моманты, калі трэба неадкладна дзейнічаць. Гэта тычыцца і ўдзялення сакрамэнту хросту. Кодэкс кананічнага права і Парадак хросту дзяцей, дастасаваны для дыяцэзій на Беларусі, рэгулююць такія пытанні.

Калі дзіцяці пагражае небяспека смерці, яго неадкладна трэба хрысціць (ККП кан. 867 §2). Гэта дазваляецца рабіць нават без згоды бацькоў і ў тым выпадку, калі бацькі немаўляці некатолікі. У іншых выпадках прынамсі адзін з бацькоў павінен даць згоду на хрост.

У выпадку небяспекі жыцця, а асабліва пры кананні, калі няма святара ці дыякана, сакрамэнт можа, а часам і павінен удзяляць кожны вернік, і нават любы чалавек, кіруючыся належным намерам (інтэнцыяй). Калі ж небяспека смерці з’яўляецца непасрэднай, то сакрамэнт удзяляецца, наколькі гэта магчыма, вернікам і паводле карацейшага парадку (Рытуал Парадак хросту…, №16, с. 13).

У сітуацыі неабходнасці, калі немагчыма выкарыстаць асвячаную ваду, трэба падрыхтаваць натуральную і чыстую ваду (неасвячаную).

Форму хросту даў сам Езус Хрыстус у словах: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога” (Мц 28, 19).

Словы, якімі ў лацінскім Касцёле ўдзяляецца хрост, наступныя: “N., Я ЦЯБЕ ХРЫШЧУ Ў ІМЯ АЙЦА І СЫНА, І ДУХА СВЯТОГА” (цэлебрант тройчы палівае вадой дзіця). Калі немаўля ачуняе і знікне пагроза смерці, трэба прынесці яго ў касцёл, каб святар здзейсніў дапаўняльныя абрады.

Згодна з ККП кан. 856, хрост можа ўдзяляцца ў любы дзень, аднак рэкамендуецца, каб у звычайным парадку ён удзяляўся ў нядзелю або, па магчымасці, у Пасхальную вігілію, каб паказаць пасхальную сутнасць хросту.

У перыяд Адвэнту ці Вялікага посту не забаронена ўдзяляць сакрамэнт хросту, аднак з захаваннем “духу” канкрэтнага перыяду (без гучных забаваў і застолляў з алкаголем), памятаючы, што, напр., Вялікі пост мае пакутны характар.

Найлепш, трэба прыйсці да пробашча сваёй парафіі і паразмаўляць пра хрост свайго дзіцяці.

Няхай Бог Вас благаславіць!

З малітвай, а. Аляксандр
grodnensis.by

для друку для друку