Ці імя Сяргей – каталіцкае?

Папа Рымскі Сяргей ІІ

«Хвала Хрысту! У 1981-м годзе ў мяне нарадзіўся сын. Ва ўзросце прыкладна сямі дзён ён быў ахрышчаны без маёй прысутнасці дома ў праваслаўнага святара ў г. Магілёве. Пры хросце атрымаў імя Сяргей. Я доўгі час знаходзілася ў бальніцы пад наглядам урачоў. Па прыездзе дадому мае родныя схілілі мяне да думкі, што імя ў сына не каталіцкае, таму я зарэгістравала яго Паўлам. Першую Камунію сын прымаў у касцёле. Кожны год на дзень народзінаў сына я заказваю Імшу на імя Сяргея-Паўла. Ці правільна я раблю? Якое імя ўпамінаецца ў малітве?»

Ванда

На пытанне адказвае кс. Аляксей Ляшко, афіцыял Біскупскага Суда ў Віцебску:

– Хрыстос Уваскрос!

Вялікі дзякуй, шаноўная спадарыня Ванда, за пытанне!

Праз хрост Пан ачышчае нас ад заганы першароднага граху, адпускае ўсе грахі, якія ўчыніў чалавек да моманту хросту, і дае нам звышпрыродны дар Божай асвячальнай ласкі. Праз хрост Бог адраджае чалавека да новага жыцця дзяцей Божых, а чалавек праз хрост далучаецца да супольнасці Касцёла.

Падчас хросту дзіцяці даецца хрысціянскае імя, і яно павінна быць імем святога альбо святой, каб ахрышчаны меў прыклад для наследавання і меў таксама свайго заступніка перад Богам.

Вы пішаце, што на хросце было выбрана імя Сяргей. А вашы родныя схілілі вас да думкі, што гэта не каталіцкае імя, і таму вы зарэгістравалі сына Паўлам. Такім чынам, моліцеся вы за Сяргея Паўла.

Папа Рымскі Сяргей І

Імя Сяргей – вельмі старажытнае і паходзіць ад лацінскага Sergius (Сергіус), якое, у сваю чаргу, паходзіць ад Генс Сергія (альбо проста Сергій), ад старажытнарымскай сям’і патрыцыяў. Дарэчы, у Кнізе Дзеяў Апосталаў мы знаходзім згадку пра гэтае імя: “Ён быў разам з праконсулам Сергіем Паўлам, чалавекам разумным” (Дзеі 13, 7). Як мы бачым, Божы Провід дапамог Вам выбраць імя Павел, пад якім Вы  зарэгістравалі свайго сына.

Каб упэўніцца ў тым, ці яно каталіцкае, звернемся да гісторыі Касцёла. Чатыры Рымскія Папы насілі імя Сяргей: святы Сяргей І (гады пантыфікату – 687-701), Сяргей ІІ (844-847), Сяргей ІІІ (904-911) і Сяргей IV (1009-1012). Таму з упэўненасцю можна сказаць, што імя Сяргей – каталіцкае.

Папа Рымскі Сяргей ІV

Перакананы, што Вы робіце добра, калі кожны год замаўляеце Святую Імшу на дзень народзінаў сына і ў малітве ўжываеце імя Сяргей Павел. Мы ведаем, што малітва маці вельмі моцная і патрэбная для дзяцей. У Рыгора Барадуліна ёсць вельмі прыгожы верш, які так і называецца – “Малітва матчына”:

“Гаючыя словы малітвы Матчынай,
Якія Ён шаптаў перад сном,
Ісус паўтараў на крыжы,
Як на няўлоўнай мяжы,
Між чорнай ноччу і белым днём,
Світаннем святое крыві пазначанай.
I ў кожным з нас нерастрачанай спадчынай
Жывуць, ратуючы нашы дні,
Вяртаючы душы да вышыні,
Балючыя словы малітвы матчынай”.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі