Чаму ў Сярэднявеччы святары насілі чорныя арнаты падчас Адвэнту?

Нягледзячы на ​​тое, што сучасныя католікі асацыююць фіялетавы колер з Адвэнтам, гэта было не заўсёды так. Насамрэч, на працягу стагоддзяў сярэднявечныя святары падчас Адвэнту часта насілі чорныя арнаты.

Згодна з кнігай XIX стагоддзя «Нататкі па гісторыі літургічных колераў», чорны літургічны колер выкарыстоўваўся падчас Адвэнту з XII стагоддзя, і гэтая практыка захавалася да XV стагоддзя.

«У часы Папы Інакенція III (1198-1216) чорны колер быў колерам Адвэнту ў Рыме да вечара Божага Нараджэння. Гіём Дзюран, біскуп і кананіст, які жыў праз стагоддзе, згадвае фіялетавы колер, а Радульф з Тонгрэда, гісторык і літургік, які памёр у 1403 годзе, сцвярджае, што ў Рыме ў яго час выкарыстоўвалася чорны літургічны колер. Гэта добрае сведчанне таго, што чорны і фіялетавы лічыліся літургічнымі сінонімамі».

Гэта практыка не абмяжоўвалася толькі Рымам, бо вядома, што чорны літургічны колер выкарыстоўваўся, напрыклад, у Монтэ-Касіна, а таксама манахамі бенедыктынскага ордэна да XVI ст.

Гістарычна чорны колер асацыяваўся з жалобай, пакаяннем і смерцю. Адвэнт разглядаўся як час інтэнсіўнай духоўнай падрыхтоўкі, смерці для сябе, каб мы маглі адрадзіцца на Каляды. Гэта таксама адлюстроўвала ідэю цемры, у якой знаходзіўся свет да прыйсця Езуса.

Выданне The American Ecclesiastical Review 1904 года тлумачыць, чаму чорны літургічны колер пазней быў заменены на фіялетавы.

«Чорны адмаўляе колеры і выказвае смутак. У Святым Пісанні ўсе няшчасці звязаны з ідэяй цемры. Такім чынам, чорны колер у Касцёле стаў сімвалам зла і бяды, як фізічнага, так і духоўнага. Менавіта па гэтай прычыне да ХІІІ стагоддзя ён выкарыстоўваўся ў часы пакут і пакаяння. Але паколькі грэх, адзінае сапраўднае няшчасце ў духоўным жыцці, не выключае святла ласкі, месца чорнага заняў фіялетавы колер, ужыванне якога засталося толькі на Вялікую пятніцу».

Фіялетавы колер, які замяніў чорны ў перыяд Адвэнту, па-ранейшаму адлюстроўвае пакаяльны характар ​​таго перыяду, але ён не такі суровы, як чорны.

Па матэрыялах credo.pro
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку