Чаму новаабраны Пантыфік прымае новае імя?

У гісторыі Касцёла трывала зацвердзілася традыцыя, паводле якой новаабраны Пантыфік змяняе імя. Карані гэтага звычаю – у вытоках хрысціянства: сам Езус даў Сымону новае імя – Пётр.

“Калі не я, то дакладна паедзе Ян ХХIV”, — так 4 верасня 2023 года Папа Францішак адказаў на пытанне пра магчымае апостальскае падарожжа ў В’етнам. Гэтая фраза выклікала здагадкі: ці не стане імя Ян выбарам наступнага Пантыфіка? Адказаць на гэтае пытанне немагчыма да завяршэння канклаву, бо выбар імя – асабістае рашэнне новага пераемніка святога Пятра.

Перад апрананнем новага Біскупа Рыма ў папскае адзенне новаабранаму задаюць два важных пытання: ці згодны ён з абраннем і якое імя выбірае. Калі ён згаджаецца, свет чуе словы: “Habemus Papam!” Гэтыя словы звычайна вымаўляюцца з цэнтральнай лоджыі Базілікі Святога Пятра. Менавіта ў гэты момант сабраныя на плошчы Святога Пятра даведваюцца, як сябе назваў новы Папа. Імя звычайна вымаўляецца па-лацінску, у родным або вінавальным склоне, а ў апошні час таксама і ў назоўным склоне, часам за ім ідзе парадкавы нумар. Напрыклад, калі новы 267-ы Папа, возьме, як папярэднік, імя Францішак, то яго назавуць Францішкам ІІ.

Традыцыя змяняць імя пасля абрання на Пасад святога Пятра склалася на працягу стагоддзяў, яе вытокі ў гісторыі хрысціянства. Імя Пётр належала першаму Папу. Езус сказаў яму: “Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой”, хоць насамрэч яго звалі Сымон. Прыняцце Папам новага імя сімвалізуе “другое нараджэнне”, да якога пакліканы новы Біскуп Рыма.

Сярод імёнаў, якія найбольш часта прымалі Пантыфікі – Пій, Грыгорый, Ян, Бэнэдыкт, Інакенцій, Леў і Клімент. Ніводзін Папа не браў такія імёны, як Юзаф, Якуб, Андрэй або Лука. Ніводзін не рашыўся назвацца Пятром, імём першага Пантыфіка.

Многія Папы называліся імёнамі святых і апосталаў. Так, Павел VI узяў імя ў гонар апостала Паўла, які, на яго думку, “у вышэйшай ступені любіў Хрыста, жадаў і імкнуўся несці Евангелле Хрыста ўсім народам”. Бэнэдыкт XVI выбраў імя ў гонар Бэнэдыкта XV, які кіраваў Касцёлам у цяжкі перыяд Першай сусветнай вайны, а таксама ў памяць пра выдатную постаць святога Бэнэдыкта з Нурсіі, патрыярха заходняга манаства. Хорхэ Берголіа абраў імя, якое не выкарыстоўваў ніводзін з яго папярэднікаў, у гонар святога Францішка Асізскага, які быў для яго “чалавекам беднасці, чалавекам міру, чалавекам, які любіць і ахоўвае стварэнне”.

Выбар імя Пантыфіка часта абумоўлены асабістымі матывамі. Папа Ян XXIII патлумачыў, што назваўся Янам таму, што гэта было імя яго бацькі, а таксама назва парафіі, дзе ён атрымаў хрост, як і мноства сабораў па ўсім свеце, у тым ліку і Латэранскай базілікі.

Упершыню за два тысячагоддзя гісторыі Касцёла Папа Ян Павел зрабіў нестандартны выбар: узяў двайное імя ў гонар двух сваіх папярэднікаў. Ён казаў, што не валодае ні мудрасцю Папы Яна XXIII, ні ведамі і культурай Папы Паўла VI, але лічыў сваім абавязкам служыць Касцёлу. Некаторыя Пантыфікі, напрыклад, Ян Павел II, бралі імя свайго непасрэднага папярэдніка.

Напярэдадні канклаву нам застаецца толькі здагадвацца, якім будзе імя 267-га Папы. Магчыма, ён абярэ імя аднаго са святых або аднаго з сваіх папярэднікаў, ужо вядомае ў двухтысячагадовай гісторыі Касцёла. Але не выключана і зусім новае. Безумоўна, імя, якое абярэ новы Біскуп Рыма, стане звяном у ланцугу пераемнасці папскіх імёнаў, вучэння і служэння. Як нагадвае Канстытуцыя «Lumen Gentium», Папа – гэта “вечны і бачны прынцып і падмурак еднасці як біскупаў, так і шматлікіх вернікаў”. Імя новага Папы разам з яго вучэннем стане компасам, які будзе накіроўваць народ Божы на гэтым складаным этапе гісторыі.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку