15 снежня ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прыбыў Агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме.
Агонь, які нагадвае, што хутка пачнуцца поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння, быў перададзены біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу.
Звяртаючыся да прысутных у велічнай катэдральнай святыні, іерарх адзначыў, што сёлета акцыя перадачы агню адбываецца пад дэвізам “Будзем чыніць мір”.
Біскуп падкрэсліў, што “Пан Бог пасяляе мір у чалавечых сэрцах, таму ад кожнага з нас залежыць, ці дойдзе гэты дар усюды, куды павінен дайсці”.
Усіх, хто будзе перадаваць агонь далей, біскуп Кашкевіч заахвоціў дзяліцца гэтым дарам, каб рэальна чыніць мір у жыцці і правесці святы Божага Наараджэння ў міры, а таксама несці надзею тым, хто адчувае яе недахоп.
“Будзем вестунамі міру найперш у нашых сем’ях і дамах, на месцах вучобы і працы. Будзем уносіць мір у нашы асяроддзі праз свае словы і ўчынкі, – сказаў іерарх. – Няхай гэты агонь пагасіць усе канфлікты і ўсялякае напружанне, спрэчкі і непаразуменні, каб кожны чалавек на зямлі мог адчуваць бяспеку, любоў, павагу і разуменне”.
Карыстаючыся нагодай, біскуп выказаў удзячнасць арганізатарам урачыстасці, тым, хто прынёс у Гродна Бэтлеемскі агонь як знак Езуса Хрыста, які прыходзіць да людзей у таямніцы свайго Нараджэння, і тым, хто панясе яго далей па Гродзеншчыне і ўсёй Беларусі.
Іерарх заклікаў несці разам з гэтым агнём пасланне міру, каб свет рабіўся месцам надзеі.
Затым усе ахвотныя маглі запаліць ад Бэтлеемскага агню знічы, каб занесці яго святло ў свае дамы і сем’і. Такім чынам, на працягу кожнага дня да Божага Нараджэння кожны можа ўзяць гэты сімвал з сабой, каб адзначаць святы ў духоўнай лучнасці з зямлёй Збаўцы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
для друку