“Будзь жа прывітаны, Езу ў Гостыі”. У Мінску адбылася Эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада

Сонечным нядзельным ранкам вернікі сталіцы спяшаліся да парафіі Святога Роха, што на Залатой горцы. Тут на палявым алтары адбылася святая Імша, а пасля яе – Эўхарыстычная працэсія па вуліцах Мінску.

Падзея адбылася 11 чэрвеня ў нядзелю пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.

Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, а разам з ім маліліся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, шматлікія святары – душпастыры мінскіх парафій.

На пачатку Імшы прысутных прывітаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх зазначыў: “Кожны год мы збіраемся тут, каб разам падзякаваць Езусу Хрысту за тое, што застаўся з намі ў Найсвяцейшым Целе і Крыві. Каб мы ў нашай пілігрымцы веры не стаміліся, але заўсёды былі маладымі.”

Таксама да прысутных звярнуўся арцыбіскуп Антэ з просьбай агарнуць малітвай Папу Рымскага Францішка, які знаходзіцца ў шпіталі пасля аперацыі.

Гамілію прамовіў біскуп Юры Касабуцкі. Разважаючы над урыўкам з літургіі Божага слова аб тым, што Пан Бог у Старым Запавеце накарміў выбраны народ Нябеснай маннай, а ў Новым Запавеце – накарміў выбраны народ Сваім Целам і Крывёю.

“Свята Божага Цела – гэта асаблівае разважанне над адной з таямніцаў нашай веры”, – зазначыў іерарх.

Пасля Імшы распачалася Эўхарыстычная працэсія да чатырох алтароў, якія сімвалізуюць чатыры бакі свету.

Першы прыпынак працэсіі быў на палявым алтары залатагорскай парафіі, адкуль прысутныя вернікі скіраваліся на вуліцы Мінска. Другі алтар быў усталяваны на плошчы Перамогі, трэці – на Кастрычніцкай плошчы, чацвёрты – каля архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Прыгожай адметнасцю стала тое, што каля трэцяга алтара працэсію сустракалі хрысціянскія скаўты і прадстаўнікі Эўхарыстычнага руху моладзі.

Напачатку працэсіі ўзносіўся крыж, а за ім крочылі шматлікія вернікі з харугвамі, прадстаўнікі розных рухаў і супольнасцяў, дзеці і моладзь з мінскіх парафій.

На адмысловым троне, упрыгожаным кветкамі святары неслі манстранцыю з Найсвяцейшым Сакрамантам – праўдзівым Целам Езуса Хрыста, які так моцна палюбіў чалавека, што захацеў застацца з кожным з нас у Эўхарыстыі.

За святарамі ішлі шматлікія вернікі, праслаўляючы Бога малітвай, спевамі, схіляючы калені на прыпынках, разважаючы над словамі са Святога Пісання і прамовамі святароў і біскупаў.

Здавалася, у гэты дзень кожны ўдзельнік працэсіі, паўтараючы заклікі адмысловай малітвы — секвенцыі шчырым сэрцам прасіў “Ад пажару, голаду, вайны і заразы барані нас, Божа…”

Гэта быў сапраўдны трыўмф Хрыста, Які крочыў вуліцамі горада і сведчаннем веры кожнага, хто адважыўся ў гэты дзень ісці за Ім.

Працэсія скончылася пры браме архікатэдры ўрачыстым спевам “Цябе, Бога праслаўляем”.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Віктар Ведзень, вялікі фотарэпартаж>> 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі