“Будзь алоўкам у руцэ Марыі”: агульнадыяцэзіяльная сустрэча “Маргарытак” адбылася ў Удзеле

Час пілігрымак  і адпачынку ўжо скончыўся, распачалася восень – чароўная пара года. Яна нікога не пакідае абыякавым, вабіць сваёй разнастайнасцю і багатай палітрай колераў. Дрэвы ўражваюць сваім залатым убраннем, карычневыя і чырвоныя адценні лісця радуюць вока. А маргарыткі…. Гэта маленькія палявыя кветачкі-рамонкі, якія азначаюць самаахвярнасць, прастату і адзінства. Менавіта таму ў маленькім Беларускім Непакалянаве, што на Глыбоччыне, дзе самаахвярна працуюць айцы францішкане, у прыгожы сонечны вераснёўскі дзень сабраліся малітоўныя “кветкі”.

3 верасня 2022 года ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле прайшла трэцяя агульнадыяцэзіяльная сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарытка». “Маргарытак” у Віцебскай дыяцэзіі ёсць шмат. На спатканне прыбыла толькі некаторая іх частка — з Глыбокага, Шаркаўшчыны, Пастаў, Дзеркаўшчыны і Удзела.

Спатканне распачалося адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і ружанцовай малітвай з разважаннямі ў першую суботу месяца. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ардынарый шчыра падзякаваў прысутным за пакліканне да такой неабходнай малітвы, якая сваёй моцай праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі падтрымлівае святароў.

Падчас гаміліі пастыр дыяцэзіі разважаў пра пакору і паслухмянасць Божай волі. Моц ружанцовай малітвы трывае з паслухмянасці Богу і варта заўсёды давяраць усе свае справы Усемагутнаму. Біскуп Алег прыгадаў постаці св. Францішка, св. Айца Піа і засяродзіў увагу: “Колькі ёсць у гісторыі святых айцоў, мучанікаў. А чаму яны святыя? Бо цалкам аддаваліся Богу, былі паслухмяныя і пакорныя Яму”. Таксама іерарх нагадаў пра галоўны прынцып, якому вучыць сёння Езус – прынцып Любові. “Любоў да сябе – гэта абсалютна не эгаізм”, — падкрэсліў біскуп.  Любоў ставіць вымаганні перад намі і перад іншым чалавекам, каб прымаць яго такім якім ён ёсць. Мы павінны любіць бліжняга свайго, як самога сябе.

На заканчэнне Імшы пробашч Удзелаўскай парафіі а. Яраслаў Банасяк заахвоціў прысутных далучыцца да малітвы-прысвячэння сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі, якую ўсе разам зачыталі. Святар запрасіў прыязджаць менавіта ў Удзела кожную першую суботу месяца а 10-й гадзіне, каб аднаўляць гэтае прысвячэнне.

Пасля малітоўнай часткі ўсе чальцы руху змаглі падсілкавацца і паразмаўляць, наведаць музей св. Максіміліяна Кольбэ і “Батлейку”. Затым зноў сабраўшыся ў святыні, праслухалі канферэнцыю а. Яраслава пра прысвячэнне сябе Маці Божай. Святар асабліва заклікаў удзельнікаў “Маргарытак” дапамагаць святарам, каб пакліканыя да Божай службы былі паслухмяныя Марыі і Езусу.

“Што такое прысвячэнне? Гэта свядомы і дабравольны акт маёй волі, праз якую аддаю сваю волю Марыі”, — сказаў а. Яраслаў і прыгадаў наказ св. Максімільяна Марыя Кольбэ: “Будзь алоўкам у руцэ Марыі, каб Яна пісала тваё жыццё”.

Чаму мы павінны прысвячаць сябе Маці Божай? Бо праз Яе самая кароткая дарога да збаўлення.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі