Будслаў: у Нацыянальным санктуарыі знялі страховачную канструкцыю, усталяваную пад купалам базылікі пасля пажару

31 кастрычніка з Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай знік яшчэ адзін заўважны след пажару, які здарыўся тут амаль чатыры з паловай гады таму, 11 мая 2021 года.

Пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік нагадвае, што пасля пажару года тэхнічны стан купала касцёла быў ацэнены як перадаварыйны.

«Праектам першачарговых прац была прадугледжана канструкцыя страхоўкі купала — металічная аснова, драўляны насціл і кружала. У маі–чэрвені 2022 года былі праведзены працы па ўмацаванні купала і ў тым жа годзе падпісаны акт аб увядзенні ў эксплуатацыю.

У жніўні 2022 і маі 2023 года рэстаўратары правялі працы па адкрыцці жывапісу ў купале. Пасля завяршэння гэтых прац знікла неабходнасць у канструкцыі страхоўкі купала і пачаліся пошукі тых, хто ўзяўся б за дэмантаж металаканстукцый»,— расказаў ксёндз Дзмітрый.

Сёлета на пачатку жніўня пробашч праводзіў экскурсію па касцёле для супрацоўнікаў кампаніі «ПГС-Інжынірынг», якія зацікавіліся гэтай працай і напрыканцы кастрычніка, перад урачыстасцю Усіх Святых і успамінам усіх памерлых вернікаў, правялі дэмантаж страховачных металаканструкцый пад купалам у межах спонсарскай дапамогі.

«Далейшыя працы з жывапісам купалу плануецца праводзіцца пры наяўнасці фінансавання, якога пакуль нестае, а наперадзе яшчэ вельмі шмат рознай працы па ратаванні касцёла ад наступстваў пажару, не на адзін год»,— падзяліўся ксёндз пробашч Дзмітрый Дубовік.

Дапамагчы ў гэтай справе можа кожны ахвотны і неабыякавы чалавек.

Як скласці ахвяраванне на аднаўленне будслаўскай святыні, падрабязна тлумачыцца на старонцы Нацыянальнага санктуарыя ТУТ>>>

Фота: кс. Дзмітрый Дубовік
Відэа: кс. Дзмітрый Дубовік

Catholic.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі