Будслаў 2026: Праграма парафіяльнай урачыстасці і Будслаўскага фэсту

Плануецца, што сёлетні Будслаўскі фэст у Нацыянальным марыйным санктуарыі распачнецца на наступны дзень пасля традыцыйнай парафіяльнай урачыстасці. Такім чынам, урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай пройдуць з 2 па 4 ліпеня пад дэвізам: «Богу хвала — Марыі давер — Касцёлу вернасць».

У гэтым годзе адзначаецца 35-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Таму галоўным дэвізам на ўрачыстасці ў Будславе былі абраныя словы: «Богу хвала — Марыі давер — Касцёлу вернасць», якія з’яўляюцца адлюстраваннем мэты сёлетняга святкавання: годна праславіць Бога, дзякуючы Яму за дар адраджэння Касцёла, аддаць пад асаблівую апеку Маці Божай сябе і сваіх блізкіх і выразіць гатоўнасць трываць у веры і супольнасці Касцёла да канца жыцця.

Таксама ў аб’яўленым у Касцёле Годзе святога Францішка праграма ўключае ў сябе разважанні і малітвы праз заступніцтва гэтага святога.

Падчас урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбудзецца прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі, гэта значыць Касцёла ў Беларусі, Найдаражэйшай Крыві Хрыста.

Да гэтай падзеі вернікі рыхтаваліся праз 9 дзён Агульнабеларускай навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!».

Праграма фэсту:

2 ліпеня (чацвер) — парафіяльная ўрачыстасць

  • 12.00 — святая Імша з удзелам Мінскага катэдральнага капітула;
  • 18.00 — святая Імша.

3 ліпеня (пятніца)

  • 14.00-17.00 — сустрэча і прывітанне пілігрымаў;
  • 18.00 — святая Імша з удзелам пілігрымаў;
  • 20.00 — Акафіст у выкананні хору Грэка-каталіцкай Царквы;
  • 20.30 — Марыйныя нешпары;
  • 21.00 — Крыжовы шлях;
  • 22.00 — Моладзевая праграма: «Моладзь да моладзі са святым Францішкам Асізскім»;
  • 23.30 — Працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.

4 ліпеня (субота)

  • 0.00 — святая Імша;
  • 2.00 — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту;
  • 6.00 — Боская літургія Грэка-каталіцкай Царквы пры галоўным алтары святыні;
  • 7.00 — Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі;
  • 8.00 — святая Імша ў базыліцы;
  • 9.00 — Фацімскі ружанец;
  • 9.45 — Прэзентацыя першага агульнабеларускага афіцыйнага каталіцкага спеўніка «Божа, мы Цябе ўслаўляем» — дар Касцёлу да 35-годдзя аднаўлення яго структур;
  • 10.30 — аднаўленне сужэнскіх абяцанняў з нагоды 35-годдзя шлюбу (1991 год);
  • 11.30 — святая Імша, Акт прысвячэння Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста Мінска-Магілёўскай мітраполіі,
    Эўхарыстычная працэсія.

На працягу ўсяго фэсту будзе магчымасць ушанавання вернікамі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай і малітвы перад ім.

Catholic.by

для друку для друку