[1]Плануецца, што сёлетні Будслаўскі фэст у Нацыянальным марыйным санктуарыі распачнецца на наступны дзень пасля традыцыйнай парафіяльнай урачыстасці. Такім чынам, урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай пройдуць з 2 па 4 ліпеня пад дэвізам: «Богу хвала — Марыі давер — Касцёлу вернасць».
У гэтым годзе адзначаецца 35-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Таму галоўным дэвізам на ўрачыстасці ў Будславе былі абраныя словы: «Богу хвала — Марыі давер — Касцёлу вернасць», якія з’яўляюцца адлюстраваннем мэты сёлетняга святкавання: годна праславіць Бога, дзякуючы Яму за дар адраджэння Касцёла, аддаць пад асаблівую апеку Маці Божай сябе і сваіх блізкіх і выразіць гатоўнасць трываць у веры і супольнасці Касцёла да канца жыцця.
Таксама ў аб’яўленым у Касцёле Годзе святога Францішка праграма ўключае ў сябе разважанні і малітвы праз заступніцтва гэтага святога.
Падчас урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбудзецца прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі, гэта значыць Касцёла ў Беларусі, Найдаражэйшай Крыві Хрыста.
Да гэтай падзеі вернікі рыхтаваліся праз 9 дзён Агульнабеларускай навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!».
Праграма фэсту:
2 ліпеня (чацвер) — парафіяльная ўрачыстасць
- 12.00 — святая Імша з удзелам Мінскага катэдральнага капітула;
- 18.00 — святая Імша.
3 ліпеня (пятніца)
- 14.00-17.00 — сустрэча і прывітанне пілігрымаў;
- 18.00 — святая Імша з удзелам пілігрымаў;
- 20.00 — Акафіст у выкананні хору Грэка-каталіцкай Царквы;
- 20.30 — Марыйныя нешпары;
- 21.00 — Крыжовы шлях;
- 22.00 — Моладзевая праграма: «Моладзь да моладзі са святым Францішкам Асізскім»;
- 23.30 — Працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.
4 ліпеня (субота)
- 0.00 — святая Імша;
- 2.00 — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту;
- 6.00 — Боская літургія Грэка-каталіцкай Царквы пры галоўным алтары святыні;
- 7.00 — Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі;
- 8.00 — святая Імша ў базыліцы;
- 9.00 — Фацімскі ружанец;
- 9.45 — Прэзентацыя першага агульнабеларускага афіцыйнага каталіцкага спеўніка «Божа, мы Цябе ўслаўляем» — дар Касцёлу да 35-годдзя аднаўлення яго структур;
- 10.30 — аднаўленне сужэнскіх абяцанняў з нагоды 35-годдзя шлюбу (1991 год);
- 11.30 — святая Імша, Акт прысвячэння Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста Мінска-Магілёўскай мітраполіі,
Эўхарыстычная працэсія.
На працягу ўсяго фэсту будзе магчымасць ушанавання вернікамі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай і малітвы перад ім.
Catholic.by [2]