Сёлета ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі пройдуць 1 і 2 ліпеня. Пра асаблівасці сёлетняга фэсту распавёў Catholic.by яго галоўны арганізатар, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік.
Перш за ўсё святар адзначыў, што ў праграме фэсту ў параўнанні з першапачатковым варыянтам адбыліся нязначныя змены, на якія варта звярнуць увагу тым, хто збіраецца сёлета на ўрачыстасці ў Будслаў. Час галоўных цэлебрацый не змяніўся.
Актуалізаваная праграма фэсту Будслаў 2022 ТУТ>>>
Тым, хто збіраецца на свята на ўласным аўтатранспарце, трэба ведаць, што машыну давядзецца пакінуць на паркоўцы і да Будслава ісці пешкі. З боку Крывічоў паркінг арганізуецца ў вёсцы Палессе, з боку Даўгінава — у вёсцы Курчына.
У Будслаў арганізуюцца аўтобусныя рэйсы з Мядзела, расклад руху ТУТ>>>
Як адзначыў ксёндз Дубовік, калі ў мінулым годзе пасля пажару цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай быў змешчаны на палявым алтары на вуліцы, то сёлета ён будзе на сваім звычайным месцы ў галоўным алтары базылікі. Да яго можна будзе падысці, уваходзячы праз правыя дзверы касцёла і правую наву. Выхад ад алтара адбываецца праз левую наву і левыя дзверы.
Паколькі доступ у цэнтральную частку будслаўскай базылікі ў сувязі з рамонтнымі працамі пасля пажару застаецца закрытым, няма магчымасці праходзіць да абраза на каленях.
Ісці па касцёле можна толькі ў адным кірунку справа налева, або супраць гадзіннікавай стрэлкі.
На выхадзе будуць размешчаны скрынкі для інтэнцый. Пробашч будслаўскай парафіі просіць усіх ахвотных загадзя напісаць малітоўныя інтэнцыі, каб у Будславе іх проста пакласці ў адпаведную скрыню, не затрымліваючы руху пілігрымаў.
Магчымасць памаліцца перад абразом у касцёле будзе на працягу ўсяго фэсту, у тым ліку і ўначы.
Аднак катэгарычна забараняецца размяшчаць на падлозе ў святыні рэчы, раскладаць дыванкі і займаць праходы.
Доступ за алтар і ў стары касцёл цалкам закрыты.
Асвячоную ваду падчас фэсту ў Будславе можна будзе набраць у свой посуд пры студні, што з левага боку ад касцёла. Там, дзе звычайна размяшчалася вада, сёлета будзе знаходзіцца сакрыстыя для святароў.
Споведзь падчас фэсту будзе адбывацца як звычайна.
Збор ахвяраванняў на патрэбы рамонту будзе весціся перад касцёлам у спецыяльна арганізаваных пунктах.
За ахвяраванні ад 20 рублёў і вышэй можна будзе атрымаць адмысловы сувенір з кавалачкам дрэва крокваў будслаўскай базылікі, пашкоджаных леташнім пажарам.
Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня
