“Богу заспявайма ўсе!”: у Мінску зладзілі канцэрт у гонар св. Цэцыліі

26 лістапада ў мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля адзначалі ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, які спалучылі з канцэртам у гонар св. Цэцыліі. Атрымалася свята праслаўлення і малітвы.

Распачалі святкаванне св. Імшой, дзе і дарослыя, і дзеці дзякавалі Богу за магчымасць быць разам, за наш хрост і за Валадарства Божае “сярод нас”, якое рэалізуецца тады, калі мы жывем паводле запаведзяў, якія з’яўляюцца “заканадаўствам” гэтага Валадарства.

Пасля св. Імшы гурт аніматараў прыгожым спевам “Аллелюя” распачаў канцэртную праграму. Святая Цэцылія – мучаніца ІІІ ст., апякунка харыстаў, музыкаў, арганістаў і вакальна-музычных гуртоў, таму падчас канцэрта таксама было шмат нумароў ад таленавітых музыкаў, спевакоў і хораў. Такое свята – гэта добрая магчымасць правесці час з Богам, падзяліцца з сябрамі i знаёмымі нашай верай — жывой i сапраўднай. Праз спеў гэта вельмі цудоўна атрымліваецца.

Спевам “Богу заспявайма ўсе” паставілі фінальную кропку. На заканчэнне ўсе удзельнікі атрымалі памятныя падарункі і салодкія пачастункі. Ксёндз Аляксандар Мятліцкі SDB, пробашч парафіі, заахвоціў усіх не баяцца дзяліцца сваімі талентамі, бо гэта сапраўдны скарб і багацце для усіх.

sdb.by

для друку для друку